„Каляровы кантроль” масак хочуць увесці ў Віцебску



Віцебскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прапануе ўвесці „Колеравую дыферэнцыяцыю сродкаў індывідуальнай абароны”.

Эпідэміёлагі прапануюць кантраляваць так званы “масачны рэжым” , бо нашэнне адной маскі разлічана ўсяго на некалькі гадзінаў. Каб адразу было відаць, хто парушае гэтае правіла, прапанавана пазначаць маскі асобным колерам. Да прыкладу, з 10-й да 12-й гадзіны чалавек працуе ў масцы з зялёнай пазнакай, з 12-й да 14-й – з жоўтай, з 14-й да 16-й – з сіняй і гэтак далей. Эпідэміёлагі мяркуюць, што пазначаць маскі пэўным спосабам –фарбай, маркерам, і гэтак далей — мусіць пэўная адказная асоба, улічваючы, што шматразовыя маскі трэба мыць у гарачай вадзе, а то і кіпяціць, і потым прасаваць.

Самы просты варыянт – гэта мець у запасе шмат масак рознага колеру. Але прадпрыемствы і ўстановы практычна не забяспечваюць супрацоўнікаў сродкамі індывідуальнай абароны. Людзям даводзіцца клапаціцца пра сябе самім: шыць маскі або набываць іх у крамах ці аптэках за ўласныя сродкі. Самая простая маска каштуе ў сярэднім 2 рублі, а дзённая “норма”, адпаведна 8-10 рублёў. Задача набыць маскі чатырох розных колераў выглядае амаль не выканальнай, калі не вырашаць яе цэнтралізавана. Каб вытворцы шылі сродкі індывідуальнай абароны пэўных колераў, а кіраўнікі масава закупалі іх для сваіх супрацоўнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск