Каманда беларусаў стварыла ініцыятыву падтрымкі для былых палітвязняў
Праект падтрымкі для былых палітзняволенных мае назву “Вольныя” і дапамагае экс-вязням вярнуцца да паўнавартаснага жыцця.
Пра першыя крокі аб’яднання і людзей, якіх каманда паспела ўжо падтрымаць, распавяла Госця Рацыі, кіраўніца праекту “Вольныя” Вераніка Станкевіч:
-Ініцыятыва “Вольныя” дапамагае сацыялізавацца вызваленым палітзняволеным. Мы займаемся тым, што з дапамогай нашых валанцёраў дапамагаем ім знайсці ўсю неабходную дапамогу сярод ініцыятыў, якія існуюць, проста сацыялізавацца – то бок знайсці нейкія суполкі, сяброў, калі гэта іміграцыя. Калі чалавек застаўся ў Беларусі, то дапамагаем знайсці неабходную дапамогу нават на тэрыторыі Беларусі, а таксама дапамагаем яму знайсці працу і іншыя ягоныя патрэбы закрываем з дапамогай такога чалавека, які можа яму дапамагчы.
РР: Як з’явілася вашая ініцыятыва?
Вераніка Станкевіч: Мы з’явіліся ў снежні 2022 года на адной з навучальных праграм Беларускай праваабарончай школы. Мэта нашага навучання была распрацаваць пэўныя праекты, якія пасля можна будзе ажыццявіць. Мы вырашылі з камандай ісці далей. Пасля з’явілася ідэя дапамогі ў сацыялізацыі вызваленых палітвязняў. Мы доўга рыхтаваліся і літаральны тры-чатыры тыдні таму мы запусціліся.
Каманда праекту таксама запрашае далучацца ў якасці ментара. Як гэта зрабіць, а таксама іншую інфармацыю пра дзейнасць аб’яднання можна знайсці на сайце volnyja.com.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя