Камбінезоны медыкам ад валанцёраў дзіцячага хоспісу
Больш за 600 камбінезонаў пашылі валанцёры гарадзенскага дзіцячага хоспіса імя Святога Губерта для медыкаў Гарадзенскай вобласці.
Як стварылася супольнасць валанцёраў, якія шыюць неабходныя сродкі абароны, распавядае каардынатарка гэтага пачыну дызайнерка Святлана Пінчук:
– Усё пачалося больш за месяц таму, калі мы з’віліся ў чаце валанцёраў барацьбы COVID-19. Пачалі чытаць інфармацыю пра тое, што людзі дома, на кватэрах шыюць камбінезоны. У нас у хоспісе дзейнічае майстэрня па навучанні людзей з інваліднасцю, ёсць швачныя машынкі. У нас меркаваўся навучальны працэс шыцця на швачных машынках. Мы хутка ўсё перапрафілявалі, вырашылі пачаць шыць самі. Пашылі першы камбінезон, аказалася, што выдаткавалі на гэта дзве з паловай гадзіны і зразумелі, што самі не справімся.
Валанцёры ў хоспіс прыходзяць рознага ўзросту і па сваёй ахвоце, яны лічаць, што гэта вельмі патрэбная дапамога медыкам:
– Мы адказныя за тое, што адбываецца ў нашай краіне, і кожны з нас адказны за наш выбар. Хто дапаможа, калі не мы?
– Ёсць магчымасць заняцца чымсьці, дапамагчы, таму для мяне гэта задавальненне, шчыра кажучы. Два зайцы разам – і зносіны, і дапамога камусьці, лекарам. Так што мне абсалютна не цяжка, наадварот – прыносіць задавальненне.
У хоспісе штодня працуюць больш за 10 чалавек, а агулам да вялікага гарадзенскага валанцёрскага руху, сябрам якога можа стаць любы жадаючы, далучылася каля 700 чалавек. Далучыцца да валанцёраў Гародні можна праз адмысловы тэлеграм-канал.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча