Камітэт ААН асудзіў дзеянні мясцовых уладаў Слуцку
Сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч атрымаў ад Камітэта ААН па правах чалавека рашэнне па сваёй скарзе. Камітэт ААН прызнаў парушэннем правоў чалавека дзеянні ўладаў Беларусі па забароне пікету, які арганізоўваў спадар Амяльковіч у 2011 годзе ў Слуцку.
Віталь Амяльковіч
Рашэнне Камітэту ААН па правах чалавека датаванае 29 сакавіка 2019 года і датычыць падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі у час пасля брутальнага разгону грамадскіх пратэстаў у снежні 2010 года пасля выбараў. Тады па краіне пракацілася хваля арыштаў, ператрусаў, узмацніўся ўціск на палітычных апанентаў улады. Дзясяткі людзей былі кінутыя за краты па крымінальных абвінавачаннях у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
У лютым 2011 года сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч падаў у Слуцкі выканкам заяву на правядзенне масавага мерапрыемства з мэтай падтрымкі палітычных зняволеных у Беларусі. Аднак, мясцовыя ўлады забаранілі акцыю, заявіўшы, што “палітычных зняволеных у Беларусі няма“. Гэтая забарона была абскарджаная ў суд, але судовыя інстанцыі не наважыліся аспрэчыць дзеянні выканаўчай улады.
Паводле рашэння Камітэту ААН па правах чалавека, гэтымі дзеяннямі ўлады Беларусі парушылі права на свабоду слова і на свабоду сходаў у дачыненні да Віталя Амяльковіча, якія гарантаваныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Да такой высновы міжнародныя эксперты прыйшлі з тых меркаванняў, што адзінай падставай для забароны заяўленага сп. Амяльковічам схода была нязгода ўладаў з канстатацыяй наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных, што не можа з’яўляцца абгрунтаванай і дастатковай прычынай для забароны схода.
Камітэт таксама адзначае сістэмнасць такога кшталту парушэнняў, праводзячы паралелі паміж гэтай справай і шэрагам іншых скаргаў беларускіх грамадзянаў, якія звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека раней па фактах парушэння свабоды сходаў і свабоды распаўсюду меркаванняў.
Камітэт ААН па правах чалавека пастанавіў, што ўлады Беларусі павінныя згодна са сваімі абавязальніцтвамі па пункце а) часткі 3 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прыняць захады па аднаўленні парушанага права ў дачыненні да спадара Амяльковіча, у тым ліку выплаціўшы пацярпеламу ад парушэння правоў чалавека адэкватную кампенсацыю. Дзяржава таксама павінная прыняць захады па перадухіленні падобных парушэнняў у будучыні – і ў гэтай частцы Камітэт ААН асобна падкрэслівае неабходнасць змянення нарматыўнага рэгулявання рэалізацыі свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў у Беларусі.
Як адзначае Віталь Амяльковіч, гэтае рашэнне ёсць першым выпадкам для слуцкага рэгіёну, калі дзеянні мясцовых уладаў прызнаныя парушэннем правоў чалавека на ўзроўні ААН. У бліжэйшы час грамадскі актывіст плануе падаць новы зварот у Камітэт ААН па правах чалавека ўжо па падзеях сакавіка 2017-га году, калі сп. Амяльковіч быў затрыманы і прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за заклікі ў сацыяльнай сетцы да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве да Дня Волі.
Нагадаем, што ў мінулым годзе Камітэт ААН ужо прыняў рашэнне па факце нападу на офіс Партыі БНФ у Берасці, калі падчас сходу ў памяшканне ўварваліся міліцыянты і затрымалі 28 чалавек. У 2018 годзе ў Камітэт ААН па правах чалавека была пададзеная і іншая скарга, датычная парушэння свабоды сходаў у Беларусі: актывіст БНФ з Баранавічаў Мікола Чарнавус накіраваў паведамленне пра адміністратыўны пераслед падчас акцыяў пратэсту супраць сумнавядомага дэкрэту №3 у 2017 годзе.