Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргі глыбоцкіх журналістаў
Зарэгістраваныя чарговыя індывідуальныя звароты глыбоцкіх журналістаў у Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэнні іх правоў на свабоду слова. 10 снежня, у Сусветны дзень правоў чалавека, паведамленне пра гэта атрымалі Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач і праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў.
Як кажа Павел Левінаў, камітэт паведаміў, што абодва звароты ў інтарэсах журналістаў-фрылансераў зарэгістраваныя і накіраваныя дзяржаве для дачы каментароў:
– Калі нічога не рабіць і нікуды не звяртацца, то вядома, што ніякіх зменаў дакладна не адбудзецца. А калі даказваць, што наша дзяржава не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, то такім чынам мы хоць павольна, але прымушаем дзяржаву варушыцца і прымаць адэкватныя рашэнні.
Павел Левінаў з’яўляецца даверанай асобай і прадстаўляе інтарэсы глыбоцкіх журналістаў-фрылансераў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача пры стасунках з міжнароднай арганізацыяй.
У глыбоцкіх журналістаў у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана ўжо па дзве скаргі аб парушэнні краінай іх правоў на свабоднае выказванне меркавання.
Беларускае Радыё Рацыя