Камітэт ААН разгледзіць скаргу беларускага музыкі
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне вакаліста менскага музычнага гурта аб умяшанні беларускіх уладаў у свабоду творчага выказвання меркавання. Камітэт адправіў 16 красавіка паведамленне для каментароў беларускім уладам. У сувязі з пандэміяй ім прадастаўлены не шасцімесячны тэрмін, як звычайна, а восем месяцаў для прадстаўлення сваёй пазіцыі па паведамленні музыканта.
Музыка Дзмітрый чатыры гады з’яўляўся вакалістам менскага музычнага гурта, які рэгулярна выступаў у розных гарадах Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны.
Гэтай групай зацікавіліся праваахоўныя органы. Прычынамі такой павышанай цікавасці сталі пяць песень, якія, на думку ўладаў, нібыта ўтрымлівалі заклікі да звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам. У адносінах да вакаліста выпрабавалі шэраг метадаў ціску: вярбоўка, пагроза і пазбаўленне волі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса.
У выніку Дзмітрыю вынеслі афіцыйнае папярэджанне «аб недапушчальнасці здзяйснення дзеянняў, якія могуць угледжваць прыкметы экстрэмізму». У афіцыйным папярэджанні і іншых дакументах не было адзначана, якія менавіта фразы ў тэксце песень расцэньваюцца імі як праява экстрэмізму.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: spring96.org