Камітэт па абароне журналістаў заклікаў вызваліць Яўгена Меркіса



Камітэт па абароне журналістаў заклікаў беларускія ўлады вызваліць гомельскага журналіста Яўгена Меркіса і зняць з яго ўсе абвінавачанні.

„Улады павінны зняць усе абвінавачанні з Меркіса, неадкладна вызваліць яго разам з усімі іншымі зняволенымі журналістамі і спыніць помсціць прадстаўнікам прэсы за іх рэпартажы”, — заявіла Гульноза Саід, каардынатарка праграмы КАЖ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Напярэдадні суд у Гомелі прысудзіў Яўгена Меркіса да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у „прапагандзе экстрэмісцкай дзейнасці” і „ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні”. Праваабаронцы са свайго боку прызналі Меркіса палітвязнем.