Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Тамары Шчапёткінай
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду індывыдуальную скаргу незалежнай журналісткі-фрылансера з Бярозы Тамары Шчапёткінай. Журналістка даведалася пра гэта з паведамлення з Жэневы.
Гомельскі праваабаронца, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка, які дапамагае журналістцы весці справу на міжнародным узроўні, адзначае, што справа журналісткі выявіла шэраг супярэчнасцей нацыянальнага заканадаўства міжнародным дамовам Беларусі. Па заканадаўству кожны чалавек, не абавязкова журналіст, мае права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, кажа Леанід Судаленка:
– Як бачым, практыка прымяненне гэтага закону ў дадзеным канкрэтным выпадку журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай як раз і выявіла вось гэтую супярэчнасць. Я ўпэўнены, што Камітэт ААН па правах чалавека прызнае ў дадзеным выпадку парушэнне беларускім урадам правоў Тамары Шчапёткінай на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі.
Згодна правілаў Камітэта ААН па правах чалавека, пасля рэгістрацыі скарга накіроўваецца ўраду, які на працягу 180 дзён павінен выказаць па ёй сваю пазіцыю.
Тамара Шчапёткіна была аштрафавана судом Бярозаўскага раёна за незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі штрафам у 25 базавых велічынь.
Беларускае Радыё Рацыя