КПЧ ААН прызнаў парушэнні ў справе Юрыя Бакура



Яшчэ з’явілася адна выйграная справа супраць Рэспублікі Беларусь у Камітэце па правах чалавека ААН.

Камітэт разгледзеў справу жыхара Берасця Юрыя Бакура, які быў затрыманы ў жніўні 2007 года ў час прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты з лесу”. Затым пакараны штрафам. Камітэт прызнаў у справе Бакура парушэнне свабоды мірных сходаў, права на свабодны распаўсюд сваіх меркаванняў, а таксама парушэнне права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, паведаміў праваабаронца Раман Кісляк:

– Я спадзяюся, што гэтае рашэнне пакажа дзяржаве яе заганную практыку ў адносінах актывістаў. Камітэт па правах чалавека гэтым рашэннем паказаў, што затрыманне актывістаў у час мірных сходаў унутры памяшканняў без сур’ёзных прычынаў парушае міжнародны пактак грамадзянскіх і палітычных правах.

Паводле Рамана Кісляка, у час сустрэчы з Паўлам Севярынцам разам з Бакурам былі затрыманы каля 30 чалавек, 15 з іх былі пакараны штрафамі, а сам Павел Севярынец падвергнуты адміністрацыйнаму арышту.

Беларускае Радыё Рацыя