Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў Сяргея Іванова
Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнне правоў расстралянага ў Беларусі жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова.
У сакавіку 2015 года Іваноў быў прызнаны Гомельскім абласным судом вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны ў жніўні 2013 года і прысуджаны да смяротнага пакарання праз расстрэл. Іваноў не хацеў абскардзіць прысуд і пагадзіўся на гэта толькі пасля сустрэчы з братам Аляксеем.
На думку абаронцы Сяргея Іванова, падчас разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе былі падставы для перакваліфікацыі злачынства з часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (забойства з асаблівай жорсткасцю) на частку 1 (забойства), якая прадугледжвае максімальнае пакаранне – 15 гадоў пазбаўлення волі. Але Вярхоўны суд у ліпені 2015 года пакінуў прысуд Гомельскага аблсуда без зменаў.
Аляксей Іваноў ад свайго імя і ад імя брата накіраваў у 2015 годзе ў КПЧ скаргу на парушэнне права Сяргея Іванова на жыццё. Камітэт ААН звярнуўся да ўрада Беларусі з просьбай не прыводзіць прысуд у выкананне да разгляду скаргі Івановых у вышэйшай міжнароднай інстанцыі па правах чалавека. Аднак Сяргея Іванова расстралялі ў красавіку 2016 года, не дачакаўшыся разгляду ягонай скаргі.
Беларусь – адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне былі расстраляны больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.
Беларускае Радыё Рацыя