Камітэт па правах дзіцяці разгледзіць даклад Беларусі аб выкананні Канвенцыі
Камітэт па правах дзіцяці ААН 20 студзеня на 83-й сесіі ў Жэневе разгледзіць даклад Беларусі аб выкананні Канвенцыі па правах дзіцяці, у тым ліку ўпершыню — альтэрнатыўны.
Афіцыйны даклад у Жэневе прадставіць урадавая дэлегацыя, альтэрнатыўны — прадстаўнік асветніцкай прыватнай установы „Цэнтр праблем дзіцячага развіцця „Леванія” Кацярына Дамаева.
Альтэрнатыўны даклад падрыхтавалі восем праваабарончых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў: Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча), Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК), праваабарончы цэнтр „Вясна”, „Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы”, экспертна-прававое таварыства „Ініцыятыва Forb”, цэнтр праблем дзіцячага развіцця „Леванія”, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Human Constanta.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у альтэрнатыўным дакладзе прадстаўлена інфармацыя па асобных пытаннях рэалізацыі ў Беларусі правоў дзіцяці. Яго аўтары прапанавалі ў кожны з раздзелаў рэкамендацыі, выкананне якіх будзе садзейнічаць рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі па правах дзіцяці і паляпшэнні становішча дзяцей у Беларусі.
На прэзентацыі дакладу 20 снежня ў Мінску яго аўтары адзначылі недахопы і прабелы ў заканадаўстве практычна ва ўсіх сферах жыцця дзяцей. Так, каардынатар юрыдычных праграм БХК Дзмітрый Чарных паведаміў, што асноўныя заўвагі тычацца перш за ўсё сфер адукацыі і аховы здароўя, а таксама выканання грамадзянскіх правоў непаўналетніх.
Паводле яго слоў, нягледзячы на рэкамендацыі, дадзеныя камітэтам ААН Беларусі, у краіне па-ранейшаму некаторыя пытанні, якія тычацца дзяцей, рэгулююцца часовымі нарматыўна-прававымі актамі (дэкрэтамі прэзідэнта), хоць для забеспячэння большай стабільнасці яны павінны быць пераведзеныя ў законы. Працягваецца практыка дасудовага адабрання дзяцей у законных прадстаўнікоў. Не забяспечваюцца правы ўразлівых груп насельніцтва. Напрыклад, улады не прымаюць сур’ёзных мер па паляпшэнні сацыяльнага становішча і інтэграцыі ў грамадства дзяцей цыганоў. Існуе забарона для дзяцей з ВІЧ-інфекцыяй, у тым ліку якія прымаюць антырэтравірусную тэрапію, займацца большасцю відаў спорту. Ім могуць адмовіць у знаходжанні ў санаторыі, дзіцячым лагеры, выездзе на аздараўленне за мяжу і г.д.
Аўтары справаздачы адзначаюць адсутнасць у краіне комплекснага і незалежнага маніторынгу выканання правоў дзяцей. „Да гэтага часу не створаны інстытут упаўнаважанага па правах дзіцяці. Існуючая ў Беларусі Нацыянальная камісія па правах дзіцяці не з’яўляецца аўтаномным і незалежным органам, а з’яўляецца часткай дзяржаўнага апарату. Акрамя таго, яе дзейнасць носіць чыста фармальны характар і яна не выконвае функцыю каардынацыі і маніторынгу выканання правоў дзяцей на нацыянальным і мясцовым узроўнях”, — гаворыцца ў справаздачы.
Адзначаюцца і прабелы ў ахове здароўя, у прыватнасці недастатковыя намаганні дзяржавы ў лячэнні дзяцей з рознымі формамі нейрамышачных захворванняў, напрыклад спінальнай мышачнай атрафіі (СМА). У Беларусі не зарэгістраваны прэпарат Spinraza, які ўхвалены і выкарыстоўваецца ў многіх краінах для лячэння СМА, а таксама адсутнічае права на збор сродкаў на набыццё гэтага прэпарата фондамі.
Адзначылі аўтары і адсутнасць узаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю пры абмеркаванні зменаў у заканадаўчыя акты, якія тычацца становішча дзяцей. „Бягучая версія Кодэкса аб адукацыі праходзіць працэс абнаўлення ўжо трэці год, пры гэтым доступ да актуальнай версіі тэксту законапраекта закрыты для экспертаў і прадстаўнікоў НДА”, — сказаў Чарных.
Таксама справаздача фіксуе парушэнні ў сферы адпраўлення правасуддзя, правоў на свабоду ад прымусовай працы, на сходы і выказванне меркавання непаўналетніх.
Чарных падкрэсліў, што альтэрнатыўная справаздача дае магчымасць Камітэту па правах дзіцяці ААН атрымаць „аб’ектыўную і ўсебаковую інфармацыю з розных крыніц, якая адлюстроўвае рэальную сітуацыю па Беларусі ва ўсіх сферах, якія тычацца правоў дзяцей”.
Фота domashniy.ru