Камітэт «Салідарнасць» прэзентуе ў Гародні два праекты



Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” прэзентуе ў Гародні два праекты: “Разам супраць дыскрымінацыі” і “Беларусы выбіраюць Еўропу”. Падчас прэзентацыі адбудзецца шэраг сустрэчаў жыхароў горада з вядомымі юрыстамі і палітолагамі, а таксама дыскусія на тэму дыскрымінацыі на прыкладзе звольненых выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэта.

12316059_1046165635435749_2010773156592408720_n

Як зазначае прадстаўнік камітэта абароны рэпрэсаваных па Гарадзенскай вобласці Эдвард Дмухоўскі, менавіта гэта падзея стала ў Гародні яскравым прыкладам пераследу людзей  па палітычных матывах:

— Відавочна тое, што на сённяшні дзень з Гарадзенскага ўніверсітэта было звольнена вельмі шмат выкладчыкаў. Па афіцыйных прычынах: не працяг кантракту і так далей, але мы ўсе ведаем калі браць канкрэтна, што гэтых людзей звольнілі за палітычныя погляды.

Падчас прэзентацыі запланаваны таксама паказ анімацыйных ролікаў, якія дэманструюць розніцу ў якасці жыцця паміж Беларуссю і яе бліжэйшымі суседкамі: Польшчай і Літвой.

Прэзентацыя праектаў камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”адбудзецца 12 снежня ў Гародні, месца правядзення – зала па вуліцы Будзёнага, 48а.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: salidarnasc.org