Камітэт „Свабоду Эдуарду Пальчысу” пачаў сваю дзейнасць



Створаны па ініцыятыве лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца камітэт „Свабоду Эдуарду Пальчысу” пачаў сваю дзейнасць. Падрыхтаваны адпаведныя лісты з запытамі ў розныя дзяржаўныя ўстановы Расейскай Федарацыі і Беларусі з пытаннем, чаму беларускі грамадзянін узяты ў закладнікі і сядзіць у расейскай турме. Актывісты камітэта таксама маюць намер звярнуцца ў МЗС Беларусі і беларускую Генпракуратуру, каб высветліць акалічнасці затрымання Пальчыса ў Расеі.

Кажа Павел Севярынец:

– Робім захады салідарнасці. То бок рыхтуем хвалю налепак, рыхтуюцца плакаты на “Чарнобыльскі шлях” “Свабоду Эдуарду Пальчысу”. І рыхтуецца вечарына. Праз тыдзень, у чацвер, у 18.00 на Чарнышэўскага, 3 адбудзецца вечарына “Свабоду Эдуарду Пальчысу”, і будзе збор сродкаў для кампаніі яго салідарнасці, для яго падтрымкі.

Некалькі дзён назад стала вядома аб тым, што грамадзянін Беларусі 25-гадовы Эдуард Пальчыс, стваральнік сайта 1863x.com, знаходзіцца ў турме Бранска. Беларус быў затрыманы 23 студзеня гэтага года ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расейска-ўкраінскай мяжы. У Расеі Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць у распальванні нянавісці альбо варожасці.

Сайт 1863х.com быў створаны каля паўтара гады таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя