Кампанія «16 дзён актывізму супраць гендарнага гвалту»



Штогод 25 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Дзень быў усталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН, а сёння, 25 лістапада, ААН распачынае кампанію «16 дзён актывізму супраць гендарнага гвалту». Падтрымаць кампанію можна выкарыстаўшы аранжавы колер, бо ён у гэтым годзе зацверджаны ў якасці яе сімвала. Так, кожны жадаючы можа надзець аранжавую вопратку, упрыгожыць офіс аранжавым, зрабіць групавое фота, а таксама выказацца супраць гендарнага гвалту ў сацсетках, пазначыўшы хэштэг #Global16DaysCampaign.

І хоць сёлетняя кампанія накіраваная на барацьбу з гендарным гвалтам, беларуская дзяржава пакуль не гатовая гаварыць менавіта пра гвалт гендарны, а толькі пра адну з яго частак, хатні гвалт. Тым больш у Беларусі пакуль не існуе закона аб гендарным альбо хатнім гвалце.

Кажа Дар’я Чурко, юрыстка Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе права»:

– Паколькі жанчыны з’яўляюцца часцей ахвярамі хатняга гвалту, таму ў асноўным яны і неабароненыя ў межах заканадаўства, якое існуе.

Чаму важна пра гэта казаць? Чым часцей пра гэта будзе з’яўляцца інфармацыя ў СМІ, тым часцей людзі будуць чуць пра гэта на вуліцах і казаць пра гэты, тым, думаю, хутчэй прымуць закон або новыя эфектыўныя меры абароны ахвяраў хатняга гвалту.

Цэнтр «Яе права» таксама далучаецца да кампаніі і запрашае далучацца ўсіх неабыякавых да гэтай тэмы. Кампанія будзе доўжыцца да 10 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя

Лагатыпы кампаніі можна спампаваць тут: https://www.dropbox.com/sh/vweoaow3wliy0vg/AAD1oO2Bs1hSurI95GEBkCFta?dl=0&fbclid=IwAR2b9-gOh247SXao7Ib8IwFvJB2wrWtzbrSMx031nq-joW2j-LGT7xglCqE