Кампанія „Байсол” сабрала сям’і Ашурка 10 тысяч еўра ахвяраванняў



Як паведамляе заснавальнік кампаніі „Байсол” Андрэй Стрыжак, у сваім фэйсбуку,  збор для дапамогі родным загінулага ў шклоўскай калоніі грамадскага актывіста Вітольда Ашурка сёння перавысіў 10 тысяч еўра.

«Наш спіс папаўняецца прозвішчамі тых, хто будзе жыць вечна ў новай Беларусі. Імёнамі гэтых людзей будуць названы вуліцы, караблі, цягнікі і самалёты. Жыхары свабоднай краіны будуць памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў барацьбе з дыктатурай. Для гэтага нам усім яшчэ трэба прайсці доўгі шлях. Прайсці і за тых, хто больш не пройдзе і кроку”. Піша Андрэй Стрыжак і асобна дзякуе кожнаму, хто вырашыў падтрымаць сям’ю загінулага ў турме актывіста.

Грамадскае развітанне пачалося ў Бярозаўцы Лідскага раёна а 9 гадзіне і працягнецца да 13 гадзін па беларускім часе ў будынку Дома быту, з 14 гадзін будзе ісці памінальная служба ў касцёле Сашэсця Святога Духа. Пасля гэтага Вітольд Ашурак будзе пахаваны на гарадскіх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя