Кампанія „На ровары без межаў” працягваецца



„На ровары без межаў” – другая частка кампаніі стартуе на Берасцейшчыне, яе арганізатарам з’яўляюцца актывісты ініцыятывы „За вела-Берасце”. Сярод асноўных мэтаў – спрашчэнне перасоўвання раварыстаў праз беларуска-польскую мяжу.

„Гэта нармальная еўрапейская норма, калі на ровары можна ездзіць праз мяжу”, – перакананы адзін з галоўных арганізатараў ініцыятывы Уладзімір Красько:

– Гэта кампанія будзе працягвацца, хоць зараз яна ўскладнілася яшчэ тым, што на ўзроўні беларусаў прынята рашэнне пра тое, што, напрыклад, праз памежны пераход “Варшаўскі мост” ужо не пускаюць на роварах з беларускага боку, але мы маем добрыя напрацоўкі з уладамі Любліншчыны і ў прынцыпе маем погляд Міністэрства замежных спраў Польшчы на гэта пытанне, пытанне ваяводы Любліна.

Актывісты ўжо збіралі подпісы пад калектыўным зваротам у Памежны камітэт Беларусі з патрабаваннем пускаць турыстаў на ровары без папярэдняга пісьмовага запыту. Аналагічны зварот рыхтавалі польскія роварныя клубы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце