«Праваабаронцы за свабодныя выбары» працягваюць набор назіральнікаў
Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» працягвае набор назіральнікаў за галасаваннем пад час парламенцкіх выбараў.
17 лістапада адбудуцца выбары у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Патрэбныя назіральнікі, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень (17 лістапада) і, па магчымасці, пад час датэрміновага галасавання (з 12 па 16 лістапада). Таксама асобную ўвагу варта будзе надаць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.
Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.
У лістападзе назіральнікі пройдуць адпаведнае навучанне і атрымаюць неабходныя накіраванні на выбарчыя ўчасткі (акрэдытацыю). Праваабаронцы дапамогуць размеркаваць назіральнікаў па тых участках, якія будуць для іх зручнымі.
Каб стаць назіральнікам, дастаткова запоўніць кароткую анкету: https://forms.gle/6YpEEyPcAxG5qhZa7
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не аказвае падтрымку палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі – адсачыць выкананне міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэнні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысць усяго грамадства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”