Кампанія супраць завода АКБ – фіналістка праваабарончай прэміі
Кампанія па барацьбе з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Берасцем стала фіналісткай праваабарончай прэміі.
Пра гэта паведамляецца ў афіцыйнай Instagram-суполцы праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ. Нягледзячы на рэпрэсіі і перашкоды, берасцейцы ўжо цягам года супрацьстаяць уладам і ўладальнікам завода, штонядзельна выходзячы на акцыі пратэсту. Кажа праваабаронца Раман Кісляк:
– Калі толькі пачаў будавацца акумулятарны завод, былі акцыі ў самым пачатку студзеня каля завода, спантанна. Зараз ужо няма рэчы пра спантаннасць. Калі закрануць рэчы, важныя для беларусаў, то яны здольныя на спантанныя акцыі, на ўчынкі, на пратэст. Адзінае, улады і праваахоўныя органы ўвесь час працуюць на тое, каб у зародку спыніць любыя пратэсты.
Берасцейцы выйшлі ў фінал “Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў” у намінацыі “Лепшая праваабарончая ініцыятыва году”. Пераможцам жа стала кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота instagram.com
