Кампанія velcom пачала працу над сеткай для „інтэрнэту рэчаў”



Мабільны аператар velcom працуе над стварэннем першай у краіне сеткі для інтэрнэту рэчаў (IoT — Internet of Things). Новая тэхналогія здольная не толькі павысіць эфектыўнасць кіравання гарадской інфраструктурай, але і дазволіць карыстальнікам дыстанцыйна кіраваць хатнімі прыладамі, паведамілі ў прэс-службе velcom.

internet-of-things

Як растлумачылі спецыялісты аператара, для новай сеткі плануецца задзейнічаць вузкую паласу частот у 200 кГц у тым жа дыяпазоне, які зараз выкарыстоўваецца для GSM-сувязі. „Каб запусціць новую сетку, не патрэбны нават дадатковы радыёчастотны рэсурс, — дастаткова толькі ажыццявіць праграмныя налады базавых станцый пад новую тэхналогію”, — растлумачылі ў кампаніі.

Аператар гатовы пачаць будаванне новай сеткі сёлета. Пры яе наяўнасці, да прыкладу, у Менску могуць з’явіцца разумныя паркоўкі: з дапамогай адмысловай праграмы вадзіцель зможа даведацца, ці ёсць вольныя месцы на паркоўцы, на якім узроўні яны знаходзіцца, і ў выпадку неабходнасці зарэзерваваць месца. Прынцып дзеяння такой паркоўкі грунтуецца на працы спецыяльных датчыкаў, якія аператыўна перадаюць інфармацыю на базавую станцыю сувязі. Яшчэ адзін магчымы кірунак — сістэма дыстанцыйнага кантролю хімічнага складу, якасці і ўзроўню вады ў вадаёмах.

У будучыні такая сетка магла б дапамагчы і звычайным абанентам: ужо цяпер прапрацоўваюцца варыянты ўкаранення інтэлектуальных лічыльнікаў электрычнасці, газу, вады, сістэм кіравання ахоўнай і пажарнай сігналізацыяй, сістэмы прасочвання аўтамабіляў, свойскіх жывёл і прадметаў, элементаў інфраструктуры „разумнага горада” (вулічныя ліхтары, кантэйнеры для смецця і г. д.).

„Праз некалькі гадоў інтэрнэт будзе ў кожнай прыладзе — тэлевізар гэта ці пральная машына. Вытворцы ўжо пачынаюць ўкараняць спецыяльныя модулі ў сваю тэхніку, а ў будучыні гэта закране большасць масавых мадэляў”, — лічаць у velcom.

Новая сетка, як чакаецца, па ўзроўні пранікнення ў 50 разоў можа перавысіць магчымасці GSM-сувязі. Гэта дазволіла б аднолькава лёгка „мець зносіны” з „разумнымі” прыладамі як на адкрытай мясцовасці, так і ўнутры будынкаў, на цокальных паверхах і ў падвальных памяшканнях.

belapan.by