Кампанія „Вецер” мусіць прыпыніць будаўніцтва бізнес-цэнтру 



Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менска апавясціў кампанію “Вецер” пра прыпыненне дазволу на будаўніцтва бізнес-цэнтру непадалёк ад Парку Чалюскінцаў на вуліцы Талбухіна.

Дзяржаўная экспертыза таксама адклікала сваё станоўчае рашэнне наконт будаўніцтва. Гэта здарылася пасля таго, як пракуратура Менска ўстанавіла, што “Вецер” прадстаўляў дзяржаўным установам несапраўдныя дакументы. Сітуацыю тлумачыць юрыст Аляксандр Жук:

–  Ліст з пракуратуры можна лічыць проста інфармацыйным. Яны ў лісце ўказалі, што ў іх падстаў для пракурорскага рэагавання няма. На падставе таго, што пракуратура ўстанавіла парушэнні, ужо не гарвыканкам вырашыў заняцца гэтым пытаннем. Яны абавязалі стройэкспертызу адклікаць сваё станоўчае заключэнне. Стройэкспертыза адклікала. Ну, і адпаведна, калі няма дазволу стройэкспертызы на вядзенне работ, то тады яны мусяць быць прыпыненыя.

Тым не менш, будоўля не толькі не спынілася, але й пайшла паскоранымі тэмпамі, забудоўшчык — кампанія “Вецер” ігнаруе афіцыйныя дакументы. Аляксандр Жук падкрэслівае, што ўскладняе сітуацыю неабходнасць звяртацца ў розныя інстанцыі. Пакуль складаюцца дакументы ў адну ўстанову, з’яўляецца патрэба напісаць у другую, а забудоўшчык тым часам працягвае ўзводзіць канструкцыі ў непасрэднай блізкасці да вокнаў жыхароў, што не адпавядае нормам закону. Ужо амаль год жыхары бліжэйшых дамоў змагаюцца супраць будаўніцтва.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by