Кампенсацыі за маральныя пакуты Змітру Крэмянецкаму ад КДБ не будзе



Суд Маскоўскага раёна г. Менска разглядзеў грамадзянскую справу па зыску былога фігуранта справы аб масавых беспарадках “маладафронтаўца” Змітра Крэмянецкага да Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Актывіст меў намер спагнаць з сілавога органа маральную кампенсацыю ў памеры 10 тысяч беларускіх рублёў за свой незаконны арышт і ўтрыманне цягам 10 сутак у СІЗА, якое прычыніла яму маральныя пакуты.

Зміцер Крэменецкі ў залі суда. Фота Радыё Свабода

Суддзя Паліна Анціпчук, выслухаўшы бакі, прышла да высновы, што дзеянні дзяржаўнага органа па затрыманні і ўтрыманні пад вартай Змітра Крэмянецкага былі правамернымі, а на падставе ч. 2 арт. 461 КПК патрабванні ісца задавальненню не падлягаюць, і вынесла рашэнне аб адмове ў завальненні маральнай кампенсацыі.

Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка адзначае, што падставай для выплаты кампенсацыі за маральную і матэрыяльную шкоду з’яўляецца прызнанне факту незаконнасці прыняцця рашэння аб змяшчэнні пад варту, але раней існавала пазіцыя, згодна з якой любая асоба, ў адносiнах да якой па рэабілітуючых падставах спынілі крымінальны перасьлед, была ў праве прэтэндаваць на такую кампенсацыю.

“Заставалася толькі пытанне, чаму рашэнне аб гэтай кампенсацыі прымае не суд, а ў першую чаргу орган, які вядзе крымінальны працэс. Гэта значыць той самы орган, які да гэтага і парушыў правы.

У выпадку з Змітром Крэмянецкім на пачатку следства і пайшло па гэтым самым шляху, і была вынесена пастанова аб прызнанні за ім права на кампенсацыю шкоды. Але потым пачалося “перакідванне мяча” ад аднаго ведамства да іншага і скончылася гэта тым, што Следчы камітэт адмовіў наогул у прызнанні права на пакрыццё шкоды, што было дзіўна. Але цяпер ужо і суд падтрымаў такое ж бачанне сітуацыі.

Аднак, трэба разумець, што і для суда, і для следства незаконным ўтрыманне Крэмянецкага ў СІЗА стала б толькі тады, калі б гэтую незаконнасць ўстанавіў хтосьці з наглядальных органаў, напрыклад, пракурор”, – падкрэсліў юрыст. Павел Сапелка зазначае, што падставай для ўтрымання асобы пад вартай з’яўляецца прад’яўленне яму абвінавачвання, якое прад’яўляецца тады, калі ёсць дастатковыя дадзеныя, якія паказваюць на здзяйсненне злачынства чалавекам.

“Хіба былі гэтыя дадзеныя дастатковымі для таго, каб заключаць Крэмянецкага пад варту? А калі яны былі недастатковымі, то безумоўна ўзяцце яго пад варту было незаконным”, – кажа юрыст. Зміцер Крэмянецкі мае намер абскардзіць рашэнне раённага суда. 

Нагадаем, гісторыя з кампенсацыяй маральный шкоды пачалася яшчэ ў чэрвені, калі следчым КДБ была вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. У межах крымінальнай справы па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў Крэмянецкі ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 Мінска 10 сутак.

Першая скарга, якую Зміцер накіраваў у КДБ, была перанакіраваная ў Следчы камітэт. СК вынес пастанову аб прызнанні за актывістам права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Але праз некаторы час там прынялі рашэнне аб неабгрунтаванасці пастановы і адмянілі яе, спаслаўшыся на тое, што не з’яўляюцца органам, які вядзе крымінальны працэс.

Затым зварот актывіста „Маладога фронту” аб кампенсацыі маёмаснага і маральнага ўрону разгледзела Генеральная пракуратура.  У ходзе разгляду Генпракуратура запатрабавала і вывучыла матэрыялы крымінальнай справы, аднак, прыйшла да высновы, што прынятае 12 ліпеня 2017 года рашэнне начальнікам упраўлення СК В. Грыцам з’яўляецца законным і абгрунтаваным, а падстаў для яго адмены няма.

Пасля гэтага малады чалавек падаў пазоў у суд на спагнанне маральнай шкоды з КДБ.

ПЦ „Вясна”