Кампутарныя веды для пенсіянераў
Кампутарны клас для людзей сталага ўзросту стварылі ў горадзе Іванава Берасцейскай вобласці. Навучыць кампутарнай граматнасці пенсіянераў вырашылі актывісты Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Каардынатарка праграмы Аксана Трушкова азначае, што пенсіянеры вывучаюць асноўныя моманты працы з тэхнікай ды інтэрнэтам:
– У многіх дзеці жывуць далёка або за мяжой. І бацькі не могуць часта размаўляць з імі праз тэлефон. Паколькі зараз сталі вельмі папулярнымі праграмы Skype, Viber, мы вырашылі навучыць выкарыстоўваць хаця б гэтыя праграмы, каб пенсіянеры маглі размаўляць з блізкімі. Таксама навучыць надрукаваць дакумент, паглядзець фотаздымкі.
Навучанне людзей сталага ўзросту адбываецца ў рамках праекту «Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства» на базе Іванаўскага тэрытарыяльнага Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота sochi-24.ru