Каму перашкаджае Валянціна Пашкевіч?
Бацькі дзяцей узорнага танцавальнага калектыва “Дыямант” у Мікашэвічах вымушаны былі звярнуцца ў пракуратуру і нават з лістом да Аляксандра Лукашэнкі, каб абараніць кіраўніцу танцавальнага калектыва Валянціну Пашкевіч, праца якой іх цалкам задавальняе.
Зварот у гарвыканкам з просьбай разабрацца ў скандальнай сітуацыі станоўчых вынікаў не даў. Дырэктарка Дома культуры Людміла Люст не змяніла намеру звольніць кіраўніцу калектыву Валянціну Пашкевіч.
За 4 працоўныя дні пасля адпачынку Пашкевіч напісала 3 тлумачальныя і атрымала вымову па неіснуючых праблемах, кажа адзін з бацькоў, грамадскі актывіст Леанід Дубаносаў:
– Бацькі абураныя такімі паводзінамі дырэктаркі ДК і кіраўніцтвам “Граніта”, бо яны адкрыта, нікога не баючыся пачынаюць звальняць Валянціну Пашкевіч. Мы напісалі скаргу ў райвыканкам , адтуль скаргу перанакіравалі гендырэктару “Граніта”, каб яны разбіраліся. Гэта тое ж самае, калі я з суседам пасварыўся, напісаў скаргу ў міліцыю, а міліцыя перадала скаргу суседу, маўляў, разбірайся.
Паводле бацькоў, калектыў і яго кіраўнік маюць шмат грамат за паспяховую прыгожую работу.
Валянціна Пашкевіч мае вялікі станоўчы ўплыў на дзяцей. Таму бацькі не дапусцяць, каб інтарэсы іх дзяцей пацярпелі.
Беларускае Радыё Рацыя