Каму варта выдаваць “пасведчанне суайчынніка”?



Беларускае “пасведчанне суайчынніка” – гэта ў пэўнай меры адказ на “карту паляка”. Так лічыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Такім чынам, яна не пагаджаецца з Валерам Варанецкім, на думку якога, параўноўваць пасведчанне з картай не варта.

– Гэтае пытанне мы падымалі ўжо даўным-даўно. І ТБМ звярталася некалькі гадоў назад у МЗС і ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб сваю краіну абараніць і сваіх людзей прыцягваць, як кажуць, да сябе. І працаваць на сваю краіну. Таму можна расцэньваць гэта як пэўны адказ.

Алена Анісім прапаноўвае шэраг крытэраў для атрымання “пасведчання суайчынніка”.

– Першае, калі чалавек сам нарадзіўся ў Беларусі, а пасля пераехаў у замежжа. Другое, калі ягоныя бацькі ці дзяды родам з Беларусі, і не важна, дзе ён зараз і не важна хто ён, дарэчы, па нацыянальнасці. І трэцяе, гэта разуменне каштоўнасці беларускай мовы, беларускай культуры і гатоўнасць гэта прызнаваць і  на гэта працаваць.

У сваю чаргу “пасведчаньне суайчынніка” найперш магло б даваць ўладальніку бязвізавае і бестэрміновае наведванне Беларусі, магчымасць атрымоўваць тут адукацыю і пры адпаведнай гатоўнасці грамадзянства. Таксама, мяркуе Анісім, варта, каб тыя беларусы замежжа, якія маюць спадчыну ў Беларусі – у тым ліку палацы ці сядзібы – маглі б набываць гэтую нерухомасць за адну базавую велічыню.  

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота AIF.by