„Каму верыць, калі не ім?”
Пра бамбаванне, стаўленне да ўладаў і агульнае становішча ў Адэсе ў эфіры нашага радыё распавядае яе жыхарка Юля. Якраз падчас гутаркі там гудзела сірэна і была аб’яўленая паветраная трывога.
РР: У вас уначы былі бамбардаванні, таксама і на выходных. Распавядзі, калі ласка, як гэта было ў Адэсе?
Юля: Так, мінулым днём у нас было не вельмі спакойна. А 6-й зранку быў ракетны ўдар па горадзе, па нафта-прыроднаму заводу, ён знаходзіцца ў сярэдзіне горада, у такой прамзоне. Але ўся цэнтральная частка горада ды іншыя раёны пачулі магутны выбух, таму што цэнтр горада – гэта старыя будынкі, там ім 150 гадоў. І, канешне, гэта было вельмі чутна жыхарам, якія жывуць у цэнтры. У выніку таго абстрэлу адзін чалавек пацярпеў, адзін зараз знаходзіцца ў лякарні. На шчасце, больш няма сур’ёзна пацярпелых.
Пацярпелі будынкі, невялікая забудова ад таго прадпрыемства, таму што там жылі працаўнікі. Там былі выбітыя вокны, пашкоджаныя дахі будынкаў. Вялікага зруйнавання не было.
РР: А да гэтага больш-менш спакойна было ў Адэсе?
Юля: Так, канешне, было больш-менш спакойна, у нас працавала ПВА. Паветраныя трывогі былі, але вось такіх ракетных абстрэлаў сур’ёзных, мне здаецца, не было.
РР: Ці правільна я разумею – былі паветраныя трывогі, але не далятала да горада, ці іх увогуле не было?
Юля: Так, снарады не даляталі, скажам так.
РР: Прынамсі, не было нейкіх такіх пашкоджанняў у горадзе. А вы верыце сваім мясцовым уладам, калі паведамляецца, што няма пацярпелых? Увогуле, як з даверам да ўладаў у горадзе?
Юля: Канешне, мы верым, таму што, мне здаецца, у такіх абставінах не верыць вайсковай адміністрацыі, якая зараз кіруе вобласцю, немагчыма, таму што каму верыць, калі не ім?
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя