Камунальнікі заклікаюць грамадзян быць пільнымі
Берасцейскія камунальныя службы заклікаюць жыхароў вобласці да больш шчыльнага супрацоўніцтва. Восень і зіма ў камунальнікаў лічыцца “гарачым” сезонам, пачынаецца ацяпляльны перыяд, мокрае ды халоднае надвор’е выпрабоўвае камунікацыйныя сеткі. Таму грамадзянам раяць неадкладна паведамляць пра аварыі на аператыўную тэлефонную лінію.
“Справакаваць аварыйнае здарэнне можа шэраг чыннікаў, а вось адсачыць у час незаўжды хапае рэсурсаў”, – паведаміў супрацоўнік пінскай дзяжурнай службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валянцін Спірыдон:
– Зразумела, бываюць нейкія збоі, нейкі ўчастак можа абясточыцца з-за аварыі ці замыкання правадоў. Ёсць аператыўныя дзяжурныя службы ў электрасетках і дыспетчары, якія бачаць, што адбылося адключэнне і цягам нейкага часу гэтыя адключэнні ліквідуюць. Гэта звычайная работа. Сеткі ўжо састарэлыя.
Жыхароў просяць рэагаваць не толькі на аварыі, якія непасрэдна звязаныя з іх жыллёвым комплексам. Пакуль жа лагоднае надвор’е спрыяе паступоваму пераходу да халоднага сезону.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота dp.ru