Камунальнікі: Запазычанасць беларусаў ужо 111 мільярдаў рублёў



У беларусаў рэзка вырасла пратэрмінаваная запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі. Пра гэта расказаў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка. Адзначым, што пратэрмінаваная запазычанасць выстаўляецца, толькі калі жыхары не плацяць па жыроўцы ад двух месяцаў.

«Пачынаючы з красавіка рэзка пачала расці пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі, якая па стане на 1 ліпеня склала 111 мільярдаў рублёў. Гэта шмат», – канстатаваў Алег Паскробка.

Калі перакласці гэтую суму на жыроўкі ў тыпавых двушках, то атрымліваецца, што за „камуналку” не заплацілі больш 440 тысяч сем’яў.

Дарэчы, кожны пяты рубель запазычылі менчукі. На 1 ліпеня яны павінны камунальнікам амаль 19,7 мільярдаў рублёў. З пачатку года гэтая лічба павялічылася амаль у два разы, перадае tut.by.

Паводле слоў першага намесніка міністра ЖКГ, доля пратэрмінаванай запазычанасці моцна вагаецца ў залежнасці ад рэгіёна. Напрыклад, у Берасцейскай вобласці, яна адна з самых нізкіх – 14,2%. А вось у Менску і Віцебскай вобласці – 29% і 24,4% адпаведна.

«Для вырашэння гэтага няпростага пытання неабходна перагледзець і значна ўзмацніць працу па спагнанню запазычанасці», – рэзюмаваў Алег Паскробка.