Камунальныя службы Берасця не змаглі перамагчы БЧБ сімволіку
Камунальныя службы Берасця так і не змаглі сёлета перамагчы бел-чырвона-белую сімволіку.
Яна штодня працягвае з’яўляцца ў дварах абласнога цэнтру, цяпер толькі прымеркаваная да навагодніх ды калядных святаў, — адзначыў блогер, сябра Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Мазан:
– Яны з гэтым добра і аператыўна спраўляюцца, але лічу, гэта зусім не тое, што яны павінны рабіць. Ёсць у іх другая праца, яе вельмі шмат. Сцягі вісяць і ў парках, і ў дварах. Хутка Новы год, таму можна пабачыць агеньчыкі на вокнах, якія зроблены ў спалучэнне колераў – бела-чырвона-белы. Гэта новае навагодняе вынаходніцтва людзей.
„Калі камунальнікі пачнуць змагацца з бел-чырвона-белымі навагоднімі ўпрыгожаннямі, то яны будуць моцна псаваць людзям іх настрой і свята,” — перакананы Сяргей Мазан.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
