Камунальныя службы не спраўляюцца са снегам



Непагадзь прымусіла беларускіх камунальнікаў працаваць 24 гадзіны ў суткі, але ўсё роўна ад грамадзян паступаюць нараканні ў бок жыллёва-камунальных службаў, асабліва ў рэгіёнах. Галоўным чынам камунальнікаў вінавацяць у тым, што яны не змаглі перадухіліць з’яўлення галалёду ў пешаходнай зоне і кепска з ім змагаюцца.

Адзін з майстраў пінскай гарадской жыллёва-камунальнай службы распавёў, што супрацоўнікі працуюць адказна без выходных, але ўсё роўна недапрацоўкі ёсць:

– Людзі не могуць адмовіцца. Яны разумеюць патрабаванні і сітуацыю, на ўсё гэта адклікаюцца. Але, тым не менш, ёсць нараканні. Спрабуем зрабіць усё. Магчыма, дзесьці гэта робім нясвоечасова, са спазненнем. І, тым не менш, мы працуем.

На думку майстра, няма нічога кепскага ў тым, каб грамадзяне ў крытычныя моманты далучаліся да камунальнікаў, бо разам прасцей і хутчэй ліквідаваць наступствы непагадзі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск