Кандрусевіч: Беларускае грамадства сутыкаецца з маральнымі праблемамі
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 28 кастрычніка адзначыў імяніны ў менскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі набажэнствам падзякі за 30 гадоў біскупскага служэння.
Павіншаваць каталіцкага іерарха з юбілеем служэння прыйшлі прадстаўнікі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, мусульманскай супольнасці і лютэранскай царквы, дзяржаўных органаў. Да імпрэзы далучыўся апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтар і шматлікія вернікі.
Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў гісторыю свайго святарскага паклікання, расказаў пра гады служэння ў Гародні, Менску, Маскве і вяртанне ў беларускую сталіцу, дзе ён ачоліў галоўную дыяцэзію краіны.
Нагадаўшы аб цяжкасцях, з якімі мясцовы касцёл сутыкаўся ў мінулым, кіраўнік беларускага епіскапату адзначыў, што і сёння яму стае праблем. Сярод іх невялікая колькасць касцёлаў у буйных гарадах – «абласных і асабліва ў Менску», малая колькасць святароў, а таксама падзенне колькасці святарскіх пакліканняў.
«Таксама мы не да канца вырашылі праблемы ў адносінах з дзяржавай, – канстатаваў Кандрусевіч. – У нас не падпісаны канкардат, ці пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам. У нас не падпісана таксама пагадненне паміж Канферэнцыяй біскупаў і дзяржавай, што проста ганіць развіццё нашых адносінаў на гэтым шляху».
«Акрамя гэтых і іншых шматлікіх праблем, можа, найперш галоўнымі з’яўляюцца маральныя праблемы, з якімі сутыкаецца наша грамадства. Мы бачым крызіс сямʼі, бачым, як ідэалогія гендара бульдозерам урываецца ў нашае жыццё. Святы айцец папа Францішак сказаў, што гэта ідэалагічная каланізацыя. У школах некаторых сёння ўжо ёсць такі факультатыў. Факультатыў, але ён ёсць. Што з гэтага вырасце? Бог стварыў не „яно”, не кагосьці там невядомага полу, а мужчыну і жанчыну. І калі яны кажуць, што гэта гендарная роўнасць, гэта не так, гэта падмена паняццяў. Ёсць роўнасць асоб – мужчын і жанчын. Касцёл стаіць за гэтую роўнасць», – падкрэсліў ён.
Апрача таго, сказаў каталіцкі іерарх, на змену афіцыйнай атэістычнай палітыцы, што панавала ў СССР, прыйшоў атэізм, у цэнтры якога культ матэрыяльных каштоўнасцяў. «Сёння даляр каштуе больш за веру. У гэтым наша трагедыя, трагедыя свету ў цэлым. Нам трэба ўчыніць усё, каб змяніць гэтую сітуацыю», – лічыць старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Мітрапаліт Кандрусевіч папрасіў прабачэння «ва ўсіх, каго, можа, пакрыўдзіў за 30 гадоў служэння сваімі ўчынкамі», але ён падкрэсліў: усё, што было зроблена, рабілася ім «дзеля стварэння касцёла».
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі – Віцебскай, Гарадзенскай і Пінскай. Паводле статыстычных звестак за 2013–2016 гады, апублікаваных на партале касцёла, да каталіцкай веры сябе адносяць больш за 1,4 млн грамадзян краіны, абʼяднаных у 486 парафій. Сярод іх прыблізна 10 тыс. грэка-католікаў.