Кандрусевіч: Нас крыху турбуе пытанне з каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі турбуе пытанне адносна дзейнасці касцёла і праваслаўнай царквы пасля закліку Аляксандра Лукашэнкі да святароў не займацца палітыкай. Пра гэта старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў у каментары навінаваму парталу Ватыкана.
Каталіцкі іерарх адзначыў, што вялікая частка беларускага грамадства не згодная з сітуацыяй у краіне, людзі патрабуюць новых выбараў. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Менску і іншых гарадах прайшлі масавыя маніфестацыі, у тым ліку ў мінулыя выхадныя.
„Добра, што гэтыя дэманстрацыі прайшлі мірна, — заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч. — На вуліцах Менска было шмат войска, але ніхто не быў затрыманы, нікога не арыштавалі. Прынамсі, СМІ пра гэта не кажуць. І гэта добра. Аднак нас крыху турбуе пытанне з каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой, бо ўчора ўпершыню не адбылася трансляцыя святой імшы з катэдры”.
Паводле слоў старшыні ККББ, супрацоўнікі радыё загадзя прапанавалі зрабіць запіс імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, але прадстаўнікі касцёла адмовіліся, паколькі лічаць, што літургія мусіць адбывацца ў жывым эфіры.
„У суботу ў Гродне прэзідэнт вельмі строга паставіўся да каталіцкіх і праваслаўных святароў, заклікаючы іх не займацца палітыкай. Але тут ніхто не займаецца палітыкай”, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
„Мне хочацца паўтарыць гэта яшчэ раз, таму што мы ўжо гаварылі пра гэта, — расколы ў дзяржаве растуць. Асабліва негатыўныя, магчыма, нават варожыя — у дачыненні да сілавых структур, і гэта ўзмацняецца. Некаторыя члены сем’яў, асабліва жонкі салдат і афіцэраў, звяртаюцца да нас з просьбай заклікаць людзей да непрымянення насілля. Гвалту няма, але ёсць абразы. На плакатах, з якімі ходзяць дэманстранты, напісана: „Мы не забудземся”, што сведчыць пра адсутнасць хрысціянскага прабачэння”, — дадаў каталіцкі іерарх.
Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку ў Гародні 22 жніўня заклікаў прадстаўнікоў розных канфесій не ўмешвацца ў пытанні палітыкі. „Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, супакойцеся і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі. Туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўсёды”, — заявіў ён.
Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”. „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, — адзначыў Лукашэнка.
11 жніўня арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт. 15 жніўня ён звярнуўся да Лукашэнкі і „ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях” з заклікам распачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў”.
„Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. <…> Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле”, — зазначыў каталіцкі іерарх.
12 жніўня на сустрэчы з прадстаўнікамі прэсы ў сталіцы мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, заклікаў усіх спыніць гвалт, супакоіцца і пачаць дыялог аб сітуацыі ў краіне. Кіраўнік Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы звярнуўся да „дзяржаўных уладаў, народных дэпутатаў” з прапановай „падумаць аб тым, што можна і трэба сёння зрабіць, каб знайсці выйсце са становішча, якое стварылася”. Мітрапаліт Павел прызнаў, што ў грамадстве, як і ў любой сям’і, „могуць быць нейкія праблемы”, але вырашаць іх трэба „мірным шляхам, а не з дапамогай зброі, камянёў ці кулакоў”.
Увечары 18 жніўня ў мінскім касцёле імя Святых Сымона і Алены адбылася міжрэлігійная малітва за Беларусь. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі духавенства каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкіх, грэка-каталіцкай цэркваў, суполак прагрэсіўнага іўдаізму і ісламу. Усе яны асудзілі гвалт з боку сілавікоў, выказалі спачуванні пацярпелым падчас пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, выказаліся за спыненне кровапраліцця і гвалту, за аднаўленне справядлівасці ў краіне.
belapan.by