Кандрусевіч: Сустрэча ў Гаване наблізіла візіт Папы Рымскага ў Беларусь



Кіраўнік рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў гістарычную сустрэчу Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага Кірыла. Адносіны католікаў і праваслаўных у нашай краіне заўсёды былі добрымі, а цяпер будуць развівацца яшчэ больш дынамічна, мяркуе ён. „Я ўпэўнены ў гэтым, таму што і католікі, і праваслаўныя павінны браць прыклад з двух пантыфікаў”, — цытуе словы арцыбіскупа БелТА.

Паводле слоў Тадэвуша Кандрусевіча, сустрэча ў Гаване наблізіла магчымы візіт Папы Рымскага ў Беларусь.

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка і ўлады нашай краіны запрашалі пантыфіка наведаць Беларусь. Арцыбіскуп лічыць, што „перашкодаў ужо стала менш, і сам клімат змяніўся пасля гэтай сустрэчы”.