Кандыдат Яўген Дудкін прапануе гарадзенцам заключыць дамову
Заключыць грамадскую дамову заклікае кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па выбарчай акрузе №50 Гародні Яўген Дудкін.
У Гародні, а магчыма нават у цэлай краіне, гэта першы выпадак, калі кандыдат не вусна, а пад уласны подпіс, прапануе план сваёй працы, дзе маюць быць рэалізаваныя ягонымі сіламі кірункі палітычнага і сацыяльнага развіцця, якія ён спавядае. Падпісацца можна на сустрэчы ў пятніцу каля рэстарана „Туран” у дзяльніцы „Вішнявец” Гародні, альбо праз інтэрнэт. Першая сустрэча, дзе праходзіла падпісанне грамадскай дамовы, прайшла ў Альшанцы.
Кажа Яўген Дудкін:
– Мы прапануем жыхарам падпісаць дамову, у якой я, калі атрымаецца перамога, бяру на сябе пэўныя абавязкі па выкананні сваіх праўных пунктаў. Таксама фармат «Гарбата з кандыдатам», цёплы фармат, калі чалавек можа пагаварыць недзе ў кавярні, каб не толькі на вуліцы стаяць. Каб можна было ў цяпле падпісаць гэтую дамову. Абмеркаваць пытанне, што тычыцца рэформы сістэмы адукацыі, бо гэта малады мікрараён, тут жывуць пераважна маладыя сем’і, у якіх малыя дзеці. І пытанні, якія закранаюць гэтыя сем’і, гэта якасць адукацыі, якую будуць атрымліваць іх дзеці.
Шэраг тэмаў, якія бярэ ў свой абавязак Яўген Дудкін згодна з дамовай, – гэта змена заканадаўства. Найбольш важныя – абаронная, антыкарупцыйная тэмы. А сацыяльныя тэмы ў Альшанцы, Вішняўцы ды Паўднёвым – гэта переферыйныя, але населеныя дзяльніцы Гародні, – клопат першай чаргі для выбарцаў.
Кажа кандыдат:
– Мы будзем рабіць розныя фарматы, каб людзям было сапраўды цікава – хто балатуецца, што кандыдат прапануе, канкрэтыка менавіта, бо, на жаль, сённяшняя сітуацыя паказвае, што адсутнасць абавязкаў, адказнасці сённяшніх дэпутатаў у мясцовых саветах і парламенце робіць людзей пасіўнымі, і яны не звяртаюць на гэта ўвагі. Бо адзінкі толькі ведаюць сваіх дэпутатаў у парламенце і мясцовых саветах, і тое толькі таму, што звярталіся па нейкай праблеме, бо вымушаны былі звяртацца. І ўсё. А так іх не хвалюе – хто там і што.
Падпісаць дамову з кандыдатам у дэпутаты Дудкіным выбарцы названых дзяльніцаў Гародні могуць праз сацыяльныя сеткі і інтэрнэт па спасылцы, альбо падчас сустрэчы, якая пройдзе ў пятніцу, 15-га лістапада, на пляцоўцы каля рэстарана „Туран” у Гародні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя