Кандыдаты ад улады падаюць на сайце не ўсю інфармацыю
18 лютага выбары ў мясцовыя Саветы. У Бярозаўскім раёне зарэгістраваны кандыдаты ў дэпутаты. Звесткі пра іх з’явіліся на сайце Бярозаўскага райвыканкама.
У абсалютнай большасці гэта мясцовы дырэктарат, іх намеснікі ды іншыя кіруючыя асобы. З незалежных кандыдатаў толькі адзін, дзеючы дэпутат Першамайскага сельвыканкама Валер Білібуха і двое ад дэмакратычнага партыйнага блоку Аляксандр Кабанаў і Таццяна Тарасевіч.
Звесткі пра месца працы, жыхарства, партыйнасць, судзімасць, нават пагашаную, пададзены, а вось пра даходы ні слова. Інфармацыя пра даходы будзе толькі ва ўлётках, якія размесцяць на выбарчых участках, кажа Валер Білібуха:
– Там завоблачныя сумы выскакваюць за 2016 год у гэтых кіраўнікоў, дырэктароў, чыноўнікаў. А вось, каб у „Маяку” напісалі пра даходы ад радавога да чыноўніка – вось гэта было б справядліва.
Аляксандр Кабанаў:
– Для таго, каб не злаваць людзей. У іх жа заробкі дастаткова высокія на фоне агульнага жабрацтва – гэта будзе раздражняць.
Такое сціплае рашэнне пра абнародаванне даходаў кандыдатаў зыходзіла ад Бярозаўскіх раённай і акруговай камісій.
Беларускае Радыё Рацыя