Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў заклікала вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла ў Будславе



Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў заклікала вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла XVII стагоддзя ў Будславе (Менская вобласць).

11 мая біскупы прынялі зварот у сувязі з буйным пажарам у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Адзначаецца, што ўдалося выратаваць святыя дары і абраз Маці Божай Будслаўскай, аднак сам будынак касцёла „вельмі моцна пацярпеў”.

„Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, заклікаем усіх вернікаў малітвай і пасільнай дапамогай разам далучыцца да справы аднаўлення святыні ў Будславе, пабудаванай нашымі продкамі з вялікай любоўю да Бога і Яго Найсвяцейшай Маці”, — гаворыцца ў звароце.

Паводле інфармацыі МНС, паведамленне аб задымленні ў будынку касцёла ў Будславе ў Мядзельскім раёне паступіла 11 мая ў 7.47 ад ксяндза. На момант загарання ў касцёле парафіян не было. Падраздзяленні МНС выявілі задымленне на верхніх паверхах касцёла.

Усе ахвотныя могуць адказаць на заклік каталіцкіх біскупаў Беларусі і пералічыць ахвяраванні на адбудову будслаўскай святыні на разліковы рахунак парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе:

Рэлігійная абшчына „Рымска-каталіцкі прыход Успення Найсвяцейшай Панны Марыі» аг. Будслаў Мядзельскага раёна

р/с BY12BAPB30153404200100000000

в ААА «Белаграпрамбанк», г. Мінск

код банка BAPBBY2X

УНП 600195666

Беларускае Радыё Рацыя