Канфіскаваны ў Дашкевіча аўтамабіль ацэнены ў 12 тыс. рублёў
Судовыя выканаўцы канфіскавалі аўтамабіль „Хонда-Джаз” у аднаго з лідараў арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) Дзмітрыя Дашкевіча. Машына канфіскаваная ў кошт пагашэння не выплачаных апазіцыйным палітыкам штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту.
Аўтамабіль, згодна з пратаколам канфіскацыі, ацэнены ў 12 тыс. рублёў, паведаміў БелаПАН Дашкевіч. У дакуменце, паводле яго слоў, згадана пяць судовых пастаноў аб накладанні штрафу.
„З юрыстамі будзем падаваць скаргі. Судовыя выканаўцы адмаўляліся называцца і паказваць дакументы. Больш за тое, пра канфіскацыю аўтамабіля мы даведаліся ад суседзяў, а не ад іх. Калі б судовыя выканаўцы дзейнічалі паводле закону, тады іншая справа. Адзначу таксама, што ў такіх выпадках спачатку звычайна выносяць папярэджанні, забіраюць пасведчанне вадзіцеля, абмяжоўваюць выезд за мяжу. Тым больш што гэта — сумесная ўласнасць і ў нас двое дзяцей”, — сказаў Дашкевіч. Акрамя таго, паводле яго слоў, штрафы ён пагашае, але адразу гэта зрабіць немагчыма.