Канікулы ў Беларусі працягнутыя да 18 красавіка



Канікулы ў Беларусі працягнутыя яшчэ на тыдзень, паведаміла Міністэрства адукацыі.

„Тэрміны вясновых канікул працягваюцца на 6 дзён, з 13 па 18 красавіка ўключна, — адзначаецца ў паведамленні. — Адукацыйны працэс у чацвёртай чвэрці будзе ажыццяўляцца з 20.04.2020 па 30.05.2020”.

У міністэрстве падкрэслілі, што навучальныя праграмы і каляндарна-тэматычнае планаванне па кожным навучальным прадмеце будуць скарэктаваныя за кошт заняткаў па падтрымліванні і стымуляванні. Прышкольныя лагеры будуць працаваць паводле заяўнага прынцыпу.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй вясновыя канікулы сёлета атрымліваюць працяг другі раз. Навучальная чвэрць павінна была пачацца 6 красавіка, аднак рашэннем Мінадукацыі канікулы працягнулі на тыдзень.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, на 10 красавіка колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 1.981. У бальніцах знаходзіцца 1.793 пацыенты, 19 чалавек памерлі.

belapan.by