Канстанцін Севярынец: Суду над сынам не было! Гэта маразм і паранойя



У Магілёўскім абласным судзе суддзя Ірына Ланчава абвясціла прысуд семярым палітвязням, якіх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, і на абвяшчэнне прысуду пусцілі не ўсіх, а толькі найбліжэйшых сваякоў. Самыя суровы пакаранні прысудзілі актывістам кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу і  сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі  Паўлу Севярынцу – па 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Павел Севярынец амаль год правёў за кратамі – яго затрымалі 7-га чэрвеня мінулага году, пасля выступаў на  пікетах падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Бацька вядомага палітыка, Канстанцін Севярынец, адкаментаваў прысуд сыну і іншым актывістам:

– Павел правільна сказаў: “Суду не было”. Гэта маразм, паранойя! Вось і ўсё! Суду не было! Суд будзе ў вольнай Беларусі, і кожны атрымае па справах сваіх. Узмоцнены рэжым – гэта даюць маньякам, забойцам. І ўвогуле гэта ўсё зроблена не дзеля Паўла: гэта робіцца дзеля ўсіх астатніх – каб напужаць.

 Актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму суддзя Ірына ланчава прысудзіла па  5 гадоў агульнага рэжыму, столькі ж – відэаблогеру Змітру Казлову. Вырак актывістцы Ірыне Шчаснай — 4 гады агульнага рэжыму. Усе падсудныя трымаліся вельмі годна: апладысментамі сустракалі сваіх блізкіх і сваякоў, якія заходзілі ў судовую залю, а пасля абвяшчэння прысудаў разам скандавалі «Беларусь будзе вольнай» і «Верым! Можам! Пераможам!».

Беларускае Радыё Рацыя