Кантралёры ў Менску будуць дзейнічаць „з засады”



З 1 сакавіка кантралёры ў трамваях будуць працаваць без спецыяльнай формы. Пазней правяраць аплату праезду ў звычайным адзенні будуць і рэвізоры ў тралейбусах, паведамляе kp.by.

Менчукі, напэўна, яшчэ памятаюць форму кантралёраў, якая была пару гадоў таму: сіняя, з яркімі жоўтымі ўстаўкамі. Затым яе замянілі на проста сінюю, каб работнікі сталі менш прыкметнымі.

Цяпер жа «Менсктранс» вырашыў зусім прыбраць спецыяльную форму, каб ўважлівыя зайцы не ўхіляліся ад штрафу. Пакуль што без формы будуць працаваць кантралёры ў трамваях, калі гэта дасць эфект, то ўвядуць такое і для кантралёраў у тралейбусах.

„Весці праверку на лініі без такой экіпіроўкі ў гарадскім электрычным транспарце не забаронена. У кантралёраў у любым выпадку пры сабе будзе пасведчанне, відэарэгістратар і прылада, з дапамогай якой правяраецца аплата праезду, а па-над адзеннем будзе замацаваны бэйдж”, – заявіў начальнік кантрольна-рэвізорскай службы «Менсктранса» Юрый Давідовіч.

ФОТА: ONLINER.BY