У Гародні вяртаюць квіткі на „Лэдзi Панк”



Гарадзенцам, якія набылі квіткі на рок-гурт „Лэдзі Панк”, прыйшла непрыемная неспадзяванка. Канцэрт, які планаваўся ў двары Новага замка 28-га ліпеня, быў адменены з прапановай пераносу на 22-га верасня. Прычыну адмовы дырэкцыя Новага замка тлумачыла землянымі работамі на тэрыторыі. Паводле слоў работнікаў абласной філармоніі, набытых квіткоў толькі ў гэтай установе было паўтары тысячы. Апрача філармоніі, былі таксама іншыя распаўсюджвальнікі квіткоў па арганізацыях. Колькасць набытых квіткоў ад ніх – невядомая.

Цяпер ажыццяўляецца працэс вяртання квіткоў праз касу аблфілармоніі. Асобны стол па вяртанні квіткоў на канцэрт „Лэдзі Панк” знаходзіцца ля слупа Вітаўту Вялікаму, што паміж Старым і Новым замкамі.

Як паведамляе сайт гарадзенскай філармоніі, пакуль дамовіцца з выканаўцамі пра перанос канцэрта не ўдалося. Дырэкцыя філармоніі накіравала пісьмовы зварот гурту „Лэдзі Панк” пра супрацу і перанос канцэрта на пазнейшы час.

Аднак музыкі вырашылі даць канцэрт для гарадзенцаў і чальцоў Саюза палякаў на Беларусі ў Беластоку. Канцэрт адбудзецца 22 верасня на плошчы ў Беластоку пад лозунгам «Салідарнасць з палякамі ў Беларусі – 30 гадоў СПБ», піша znadniemna.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара