Каранік: У шэрагу рэгіёнаў Беларусі назіраецца зніжэнне захворвання на каронавірус
У шэрагу рэгіёнаў Беларусі назіраецца зніжэнне захворвання на каронавірусную інфекцыю COVID-19, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 8 мая падчас ускладання кветак да брацкай магілы медыкаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і чырвонаармейцаў у вёсцы Падгор’е Менскага раёна.
„Па шэрагу рэгіёнаў краіны мы ўжо бачым зніжэнне захворвання, у некаторых — выхад на плато”, — цытуе Караніка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Паводле яго слоў, захворванне на COVID-19 зніжаецца ў некаторых раёнах Мінскай і Віцебскай абласцей.
У Віцебску, адзначыў міністр, праводзіцца дэзынфекцыя бальніц, раней перапрафіляваных для аказання меддапамогі пацыентам з каранавірусам. Гэта таксама тычыцца хірургічнага корпуса Віцебскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера. Паступова яны вернуцца да звыклага рэжыму працы, сказаў Каранік. Да профільнага прыёму пацыентаў будуць рыхтаваць і неўралагічны корпус абласной бальніцы. „Сітуацыя ў Віцебску дазваляе выводзіць ложкавы фонд з гэтай працы, наладзіць больш спакойнае пераразмеркаванне пацыентаў. Мы лічым, што сітуацыя ў Віцебскім рэгіёне нармалізуецца”, — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.
Аналагічная сітуацыя, паводле яго слоў, складваецца і ў некаторых раёнах Мінскай вобласці. „Думаю, што зніжэнне там будзе найбліжэйшым часам. Дзесьці бачым рост колькасці хворых, але ён у межах прагнозных паказчыкаў”, — дадаў Каранік.
„У астатніх рэгіёнах мы лічым, што выйшлі на плато. Трэба яшчэ некаторы час аказваць дапамогу ў такім інтэнсіўным рэжыме, пасля чаго будзе зніжэнне захворвання і зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду для звычайнага рэжыму працы”, — паведаміў міністр.
Аналіз сітуацыі, заўважыў чыноўнік, паказвае, што ў большасці пацыентаў інфекцыя працякае ў лёгкай форме, але ў 15-20% выяўляюцца ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі. Медыцынскую дапамогу пацыентам аказваюць як у амбулаторных умовах пры лёгкай форме захворвання, так і ў стацыянарах. На сёння перапрафіляваны ложкавы фонд заняты менш як на палову, ёсць усе неабходныя медыкаменты, абсталяванне, заявіў Каранік. „Мы лічым, што сітуацыя кантраляваная, кіраваная, рэзервы ў сістэмы аховы здароўя ёсць”, — падкрэсліў ён.
Каранік таксама паведаміў, што найбліжэйшым часам у Беларусь прыбудуць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. На наступным тыдні чакаюцца дадатковыя пастаўкі. На першым этапе тэсты размяркуюць па медыцынскіх установах. Міністэрства аховы здароўя таксама плануе правесці ў асобных раёнах краіны цэнтралізаваныя даследаванні для вызначэння імуннай праслойкі да COVID-19.
„Мы пастараемся зрабіць гэта максімальна аператыўна. Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя даследаванні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісце ў апошнія два месяцы ў сувязі рэспіраторнымі інфекцыямі”, — сказаў Каранік.
Ён не выключае верагоднасці таго, што другая хваля захворвання наступіць у восеньска-зімовы перыяд. „Таму мы будзем праводзіць даследаванні, каб вызначыць імунную праслойку сярод нашага насельніцтва. У нейкіх раёнах гэта будзе цэнтралізавана, дзесьці будзе наладжаная магчымасць прайсці ўсім ахвотным”, — дадаў міністр.
Каранік растлумачыў, што экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць антыцелаў да COVID-19 у арганізме. „У перыяд разгару клінічных сімптомаў яны выяўляюць наяўнасць імунаглабулінаў М, якія сведчаць аб актыўным інфекцыйным працэсе. Калі чалавек перахварэў некаторы час таму, у яго з’яўляюцца імунаглабуліны G. Пры наяўнасці падазрэнняў, звязаных з перанесеным у лёгкай форме захворваннем, можна будзе прайсці тэставанне, каб пацвердзіць гэта ці абвергнуць”, — сказаў ён.
Паводле звестак на 8 мая ў Беларусі колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 21.101 (8,7% ад колькасці праведзеных тэстаў), памёр 121 чалавек.
Фота sb.by