Кардынальны крок у абарону навучання па-беларуску
Гарадзенцы, пяцікласнік Даніла і шасцікласнік Мікіта Кузьмінічы, перасталі хадзіць на заняткі ў гімназію №10. Бацька Ігар Кузьмініч вымушаны быў такім спосабам прыцягнуць увагу да ігнаравання права яго дзяцей навучацца па-беларуску. Усе ранейшыя „лёгкія” спосабы паўплываць на выкананне сваіх канстытуцыйных правоў – вычарпаныя. Кажа Ігар Кузьмініч:
– Для нас навучанне па-беларуску – гэта прынцыпова. Мы пайшлі на саступкі, а ў выніку атрымалася, што і гэтага немагчыма забяспечыць для Данілы. Няма сістэмы, якая б дазваляла без дыскрымінацыі, спакойна напісаць бацькам заяву і атрымаць магчымасць іхным дзецям навучацца па-беларуску. Альбо хаця б па індывідуальным маршруце. Калі ты пішаш такую заяву, то ты павінен быць падрыхтаваны да вялікай колькасці сустрэчаў з адміністрацыямі розных роўняў для таго, каб узгадніць розныя пазіцыі. Само па сабе – гэта дыскрымінацыйна.
Праз два дні ад пачатку адмовы бацькоў весці спачатку Данілу, а пасля Мікіту ў школу, якая ігнаруе моўную роўнасць, так і няма рэакцыі дырэктаркі гімназіі №10 Алены Зінчук. Пасля чатырох месяцаў дамагання беларускага навучання для Данілы, ён яго так і не атрымаў. Самому бацьку Ігару Кузьмінічу нічога не засталося, як накіраваць ліст ў абласны выканаўчы камітэт, дзе ён патлумачыў прычыну сваіх дзеянняў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня