Карэспандэнта „Газеты Слонімскай” Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю на допыт



Уласнага карэспандэнта „Газеты Слонімскай” у Мастах (Гарадзенская вобласць) Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю на допыт, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

19 сакавіка ў кватэру Палубяткі ў Мастах прыйшлі два супрацоўнікі мясцовага РАУС і ўручылі яму позву з патрабаваннем з’явіцца 22 сакавіка ў 11.00 у міліцыю на допыт.

У позве не пазначана, у якой якасці і па якой справе Палубятку выклікаюць у міліцыю. Вусна журналісту патлумачылі, што гэта звязана з яго публікацыямі ў тэлеграм-каналах.

Як заявіў Палубятка, ён ніколі нічога не пісаў у тэлеграм-каналах, а на яго камп’ютары і тэлефоне нават не ўсталяваны месенджар „Тэлеграм”.

„Я, вядома, не адмаўляюся ісці ў панядзелак у міліцыю. Але паколькі нават гэтая позва складзеная з парушэннем заканадаўства, то спачатку я наведаюся ў пракуратуру з заявай, а потым ужо пайду ў міліцыю”, — сказаў журналіст.

У сваёй заяве на імя начальніка міліцыі Мастоў і пракурора раёна Палубятка просіць растлумачыць яму яго прававы статус да таго, як пайсці на допыт, каб ведаць, як будаваць працу са сваім адвакатам.

belapan.by