Карэспандэнт нашага радыё пакараны штрафам
Аштрафаваны карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя ў Менску. Суд над Генадзем Барбарычам прайшоў завочна. Нагодай стаў матэрыял журналіста пра так званую «справу Белта» – інтэрв’ю з галоўнай рэдактаркай інфармагенцтва БелаПАН Ірынай Леўшынай. Тэкст быў змешчаны на сайце racyja.com.
Прычым, першапачаткова Барбарыча абвінавацілі ў падрыхтоўцы відэасюжэту. Калі журналіст аспрэчыў гэты факт, справу адправілі на дапрацоўку. Генадзь Барбарыч распавёў пра гэта ў нашым эфіры:
– Быў у адпачынку невялікім, з’ехаў з Менску. І для мяне такім сюрпрызам было, калі я, вярнуўшыся сёння, адчыніў паштовую скрыню, і там было запрашэнне на суд на 3-га студзеня. І аказалася, што пры маёй адсутнасці суддзя Партызанскага раённага суда Менска Барысёнак маю справу разгледзеў. І самае смешнае, што адначасова я дастаў і ліст з Партызанскага РАУС на мой адрас, але чамусьці ў капэрце быў пратакол, складзены адносна журналісткі Галіны Абакунчык. Мабыць пераблыталі. Паспрабую з ёй звязацца, можа ёй даслалі перароблены пратакол адносна мяне. Так дзіўна працуе міліцыя.
За супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі Генадзю Барбарычу прысудзілі 35 базавых (гэта 892,5 рубля). Цяпер карэспандэнт Рацыі аспрэчвае вырак, ён адправіў скаргу ў Менскі гарадскі суд. У тым яму дапамагаюць юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле падлікаў БАЖ, летась беларускіх журналістаў па падобных абвінавачаннях штрафавалі не менш за 116 разоў. Агульная сума штрафаў склала амаль 102 тысячы рублёў.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БАЖ