Карэспандэнта onliner.by Дар’ю Спевак асудзілі на 13 сутак арышту
Карэспандэнт сеткавага выдання onliner.by Дар’я Спевак асуджаная агулам на 13 сутак арышту па артыкулах 23.4 і 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Такое рашэнне на пасяджэнні суда Кастрычніцкага раёна Менска 19 кастрычніка прыняла суддзя Алена Жывіца, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Спевак была затрыманая днём 17 кастрычніка ў цэнтры Менска пры асвятленні маршу студэнтаў.
У судзе адвакат журналісткі хадайнічаў аб асабістай прысутнасці сведак абвінавачвання — супрацоўнікаў міліцыі Сімончыка і Кушнера, паколькі, паводле яго слоў, „яны напісалі свае пратаколы пад капірку”. Суддзя вырашыла разглядаць справу без іх.
У пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні было пазначана, што Спевак „прыняла актыўны ўдзел у мітынгу, чым парушыла закон аб масавых мерапрыемствах”. Акрамя таго, у дакуменце сцвярджалася, што „на неаднаразовыя заклікі капітана патрульна-паставой службы Сімончыка пакінуць пэўнае месца” яна адказала „катэгарычнай адмовай, аказаўшы непадпарадкаванне”.
Журналістка заявіла, што катэгарычна адмаўляе віну. „Я працавала на студэнцкім маршы спачатку каля БДУІР, — патлумачыла яна ў судзе. — Пасля гэтага накіравалася з калегамі да МДЛУ, дзе студэнты пайшлі да скрыжавання Казлова і Незалежнасці. Каля 13.00 пад’ехалі некалькі мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі ў чорным, я так разумею, гэта быў АМАП. Да мяне падышлі двое, узялі за локці і адвялі ў машыну. Ніхто не называўся, сказалі толькі: „Аддай тэлефон”.
На пытанне суддзі, ці аказвала яна непадпарадкаванне, Спевак адказала адмоўна. „Да гэтага я здымала на тэлефон, і супрацоўнікам міліцыі было не да мяне, — сказала журналістка. — Я ажыццяўляла сваю працу. Прычыны затрымання мне ніхто не называў, а я і не пыталася. Чула каманду: „Прэсу бярэм”. Думала, што для праверкі дакументаў, гэта ж не першы раз журналістаў затрымліваюць”.
Спевак падкрэсліла, што яе затрымлівалі супрацоўнікі АМАПа, а „ніякія не патрульныя”.
Яе адвакат прапанаваў далучыць да справы рэдакцыйнае заданне журналісткі і характарыстыку работадаўцы. Пасля суддзя вывучыла відэазапіс затрымання Спевак.
Аўтара відэазапісу запрасілі ў суд у якасці сведкі. Яна распавяла, што асабіста з журналісткай не знаёмая. У суботу яна ехала на працу, стаяла на трамвайным прыпынку. „Пакуль чакала транспарт, зняла каля хвіліны відэа, стаўшы відавочцам затрымання людзей, — сказала сведка Таццяна. — Не было ніякага непадпарадкавання або спроб уцячы з боку дзяўчыны — было толькі затрыманне, гэта добра відаць на відэа”.
Адвакат папрасіў адправіць справу на дапрацоўку, паколькі ў пратаколах пазначаны розны час здзяйснення правапарушэння. Ён таксама падкрэсліў, што матэрыялы справы не пацвярджаюць дзеянняў, якія Спевак ставяцца ў віну па арт. 23.34 КоАП.
Затым былі зачытаныя абсалютна ідэнтычныя пратаколы апытання сведак Сімончыка і Кушнера.
У выніку суддзя Жывіца пастанавіла прызнаць Спевак вінаватай і вынесла пакаранне: шэсць сутак арышту па арт 23.4 і сем — па ч. 1 арт. 23.34 КоАП.
belapan.by