Карэспандэнту „Радыё Рацыя” з Гародні зноў адмовілі ў акрэдытацыі
Карэспандэнту нашага радыё з Гародні Віктару Парфёненку Міністэрства замежных спраў Беларусі зноў адмовіла ў акрэдытацыі.
Віктар ўжо 10 гадоў супрацоўнічае з нашым радыё і кожны год складае заявы, каб працаваць згодна з патрабаваннямі цяперашніх уладаў, якія часта караюць журналістаў за так званую працу без акрэдытацыі. Гэтым разам у міністэрстве паведамілі, што матывіроўку адмовы перашлюць ў рэдакцыю:
– Мне з неахвотаю, але паведамілі, што адмоўны адказ будзе. Але мне гэты адказ не перашлюць. А чамусьці адправяць у электронным варыянце на адрас рэдакцыі. Любая ўстанова пры стасунках са сваімі грамадзянамі абавязана ў 20-дзённы тэрмін адказаць. Прайшло ўжо два месяцы. Яны мне адмовілі ў гэтым праве цяпер ужо нават так.
Віктар Парфёненка будзе звяртацца ў Канстытуцыйны суд:
– Юрыст, які са мной працуе, паабяцаў, што ад імя БАЖ будзе пададзена папера ў Канстытуцыйны суд, каб на маім прыкладзе паспрабаваць заахвоціць суд выказаць сваё меркаванне стасоўна таго, як зневажаюцца правы гамадзян.
Ранейшая скарга на адмову ў акрэдытацыі нашаму карэспандэнту знаходзіцца таксама на разглядзе у Камітэце па правах чалавека ў Жэневе. Рэдакцыя „Беларускага Радыё Рацыя” пакуль не атрымала матывіроўкі адмовы ў акрэдытацыі з Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя