«Кармленне галубоў» у Пінску



У Пінску ў трэці раз адбылося «кармленне галубоў». Людзей у цывільным і міліцыянтаў было ўдвая больш чым удзельнікаў. Падрабязнасці з месца падзеі перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:

– А 12-й гадзіне на набярэжнай Пінска, бліжэй у бок гарадскога парку і культуры, сабралася каля дзесяці пінчукоў на чарговае «кармленне галубоў» – гэта праява салідарнасці і падтрымкі з берасцейскімі эка-актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Прыблізна ў 5-10 метрах, па перыметры, за ўдзельнікамі ўважліва сачылі людзі ў цывільным і кожныя дзесяць хвілін праходзіла двое міліцыянтаў. Акцыя цягнулася з гадзіну.

Удзельнікі абмяркоўвалі пачатак судовага працэсу па справе Анатоля Чэшуіна. Яго затрымалі ў мінулую нядзелю і вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі. Працяг суда будзе 14-га траўня. Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з затрыманнем блогера Сяргея Пятрухіна і пераследам берасцейскіх актывістаў. Акцыя скончылася без перашкод.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск