Каролік: Пасля размовы з загадчыкам паліклінікі, мне выклікалі хуткую
Па словах медсястры агульнай практыкі Баранавіцкай раённай паліклінікі Наталлі Каролік, пасля агучанай на Беларускім Радыё Рацыя яе праблемы ў сувязі з немагчымасцю па стане здароўя працаваць у інфекцыйным кабінеце з хворымі з падазрэннем на каронавірус, загадчык паліклінікі Мікалай Фядзько выказаў ёй абсурдныя прэтэнзіі.
Калі Каролік вярнулася ў свой працоўны кабінет пасля “гучнай размовы”, ёй выклікалі хуткую. Рэанімацыйная брыгада зафіксавала гіпертанічны крыз, кажа Наталля Каролік:
– Кардыяграма ў мяне была няважная, тахікардыя, падскочыў ціск, высокі цукар. Рэанімацыйная брыгада аказвала дапамогу. Пасля я крыху адляжалася ў прысутнасці сваіх калег, якія не адыходзілі ад мяне, і паціху пайшла дадому.
Паводле Наталлі Каролік, урачоў і медсясцёр з тэрапеўтычных кабінетаў па чарзе пад пагрозай звальнення прымусілі працаваць у інфекцыйным кабінеце з хворымі з падазрэннем на каронавірус, замест намесніцы загадчыка паліклінікі Аксаны Дашкевіч і ўрача-інфекцыяніста Баранавіцкай гарадской паліклінікі Святланы Гаркавай. Яны падпрацоўваюць у кабінеце на паўстаўкі кожная.
* * *
Тэкст заявы Наталлі Каролік, у якой яна просіць вызваліць яе ад працы ў інфекцыйным кабінеце па стане здароўя:
Загадчыку Баранавіцкай раённай паліклінікі
Фядзько М.М.
Медсястры агульнай практыкі паліклінікі
Каролік Н.У.
ЗАЯВА
Прашу вас вызваліць мяне ад працы ў “ачагу”, то-бок у інфекцыйным кабінеце, дзе прымаюць падазроных на каронавірус хворых. Я маю хранічнае захворванне – цукровы дыябет і адношуся да групы рызыкі ў час пандэміі каронавіруса. На маім утрыманні дачка-інвалід. І ў выпадку маёй смерці пра яе не будзе каму паклапаціцца.
Маё пастаяннае месца працы – кабінет агульнай практыкі. Я там не забяспечана паўнавартасна сродкамі абароны: няма аднаразовых пальчатак, масак і дэзраствораў у патрэбнай колькасці, не мяняецца ручнік і халат, як гэта патрэбна па законе. Прашу забяспечыць мяне гэтымі сродкамі па норме закону.
07.04.2020 г. Каролік Н.У.
Беларускае Радыё Рацыя