Каронавірус: агляд сусветнай прэсы
Кожны дзень мы атрымліваем шакуючыя альбо супакойваючыя навіны пра каронавірус. Над якімі праблемамі разважае прэса ў свеце? Што падаецца ёй сёння найбольш актуальным? З аглядам прэсы — Кастусь Багушэвіч.
Тысячы порцый ежы прапануюць штодня людзям, ізаляваным у дамах праз каранцін у Румыніі. Робіць гэта Румынская праваслаўная царква, перадае румынскае выданне Constanta. Неабходная дапамога надаецца таксама дамам састарэлых і дзіцячым дамам. У некаторых манастырах краіны вырабляюцца медыцынскія халаты, пасцельная бялізна для шпітальных ложкаў, рушнікі, ахоўныя маскі і шмат іншых рэчаў першай неабходнасці. Пасля гэтых захадаў царквы ейныя біскупы яшчэ мацней улучыліся ў кампанію і ахвяравалі грошы альбо набылі медыцынскае абсталяванне. Больш за тое, некаторыя святары вырашылі адмовіцца ад зарплаты ў сакавіку на карысць шпіталяў. У падрахунку кошт ахвяраванняў румынскай праваслаўнай царквы дасягае сумы звыш 8 мільёнаў леяў. Гэта амаль мільён 900 тысяч еўра. Праз дзяржаўны сакратарыят культаў з дзяржаўнага бюджэту штомесяц уносяцца 44,993,000 леяў як унёсак клерыкальных супрацоўнікаў царквы, а гэта больш за 13000 святароў. Такім чынам, Румынская праваслаўная царква вяртае частку таго, што атрымлівае ад дзяржавы, прымаючы ўдзел у гуманітарнай кампаніі супраць каронавірусу, чытаем у газеце Constanta.
Усталяваная тэхналогія тэстаў на каронавірус толькі пачынае дзейнасць ва Уругваі. «І гэта не бясплатна для ўсёй сістэмы”. „Хаця выкананне тэстаў было змешчана ў Комплексны план аховы здароўя краіны, ён да гэтага часу не рэгламентаваны, і яго выкарыстанне вырашаецца па меркаванні кожнай установы”. Сакратарка прафсаюза медыкаў Уругваю Заіра Артэта распавяла ў праграме мясцовага „Радыё Дэль Соль”, што ідэя прафсаюза заключаецца ў тым, каб забяспечыць усіх, хто мае сімптомы хваробы, магчымасцю прайсці абследаванне, нават калі пазней высветліцца, што ў іх іншая хвароба, напрыклад, звычайны грып. Акрамя таго, яна ўдакладніла, што пазіцыя прафсаюза „ідзе ў рэчышчы” таго, што прапануе ўрад. У гэты панядзелак па гэтай тэме правялі кансультацыі з прэзідэнтам краіны Луісам Альбэрта Лакае Поў. Сакратар Прэзідэнта Альвара Дэльгада падкрэсліў, што ў краіны „ёсць магчымасць вырабляць больш тэстаў. «Больш за тое, вы ўбачыце, што сёння ці заўтра дыягнастычны патэнцыял абавязкова павялічыцца”, – запэўніў ён.
Сёння ва Уругваі будзе праведзена каардынацыйная і агульная арганізацыйная сустрэча ўсіх суб’ектаў сістэмы аховы здароўя. У гэтым будуць задзейнічаны органы Міністэрства аховы здароўя, прафсаюз медыкаў, бізнес-палаты, органы надзвычайных сітуацый і медыцынскія ўстановы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Падобныя перамовы па павелічэнні колькасці тэстаў праходзяць і ў іншых паўднёваамерыканскіх краінах, перадае «Радыё дэль Соль».
У сувязі з надзвычайнай сітуацыяй у Латвіі, з-за амаль цалкам прыпыненай эканамічнай дзейнасці, аэрапорт Рыгі вымушаны пачаць кансультацыі з прафсаюзамі, якія прадстаўляюць супрацоўнікаў аэрапорта па пытаннях калектыўнага працэсу звальнення, паведамляе Дэлфі.
Пасля дбайнай праверкі ўсіх выдаткаў і ўвядзення беспрэцэдэнтных мер жорсткай эканоміі, зніжэння запланаваных інвестыцый на 85% і эксплуатацыйных выдаткаў на 60%, а таксама аналізу прагнозаў пасля аварыйнага аднаўлення авіяцыйнага сектара, аэрапорт вымушаны прыняць сур’ёзнае рашэнне аб значным скарачэнні персаналу. Пацерпяць 500 супрацоўнікаў аэрапорта. У 2018 годзе ў кампаніі было 2373 супрацоўнікі, а яе прыбытак – 10 млн еўра, па дадзеных Crediweb. Аэрапорт заплаціў звыш 14 мільёнаў еўра падаткаў. Справаздача за 2019 год пакуль не апублікаваная, але лічбы, згодна з дадзенымі журналістаў, будуць таксама маштабнымі.
Калегія аэрапорта падкрэслівае, што кожны супрацоўнік, які пацярпеў ад скарачэння працоўных месцаў, будзе мець магчымасць вярнуцца да працы, як толькі эканоміка, авіяцыйная прамысловасць і кампанія адновяць ранейшыя магутнасці. Іншымі словамі, падкрэслівае Дэлфі, скарочаным супрацоўнікам будзе надавацца першаснае права прыёму на працу, дзе яны раней былі.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя