Каронавірус: агляд сусветнай прэсы
Чаму ў Індыі невялікая колькасць хворых, што робяць французы, выходзячы з каранціну? У Ліване пачаліся моцныя пратэсты з падпаламі банкаў.
Паліцыянты ў горадзе Хайдэрабад, Індыя. Фота CNN
У аглядзе сусветнай прэсы новыя тэмы, звязаныя з каронавірусам, кажа Кастусь Багушэвіч:
– З 1 чэрвеня ў дзяржавы, верагодна, застанецца невялікая сума для бізнэсу. Пра гэта па слядах выступу прэм’ер-міністра Францыі Эдуара Філіпа распавяла міністарка працы Мур’е Пеніко. Францыя паступова зніжае колькасць часова беспрацоўных у выніку каронавірусу. Сістэмай падтрымкі часова беспрацоўных былі ахопленыя 890 000 кампаній і каля 1 мільёна 300 тысяч французаў, піша ў сераду Le Figaro. Мур’е Пеніко падагульніла кампанію дзяржаўнай падтрымкі заявай „Мы пазбеглі хваль звальненняў”. Такая небяспека была моцнай. Цяпер, па словах міністаркі, у французаў ёсць некалькі тыдняў да адаптацыі, паступовага вяртання да працы. Травень пойдзе на ажыўленне эканомікі. Узровень дзяржпадтрымкі знізіцца, але на 1 чэрвеня можа застацца пэўная сума для прадпрыемстваў, падкрэсліла Пеніко. Вымушаны перапынак у працы каштаваў Францыі ўжо 24 мільярды еўра. У чэрвені ў школу пачнуць вяртацца дзеці. Неабходнасць іх вяртання міністарка патлумачыла важнасцю скончыць навучальны год.
Тое самае выданне піша і пра пратэсты ў Ліване. Супраць нарастаючых эканамічных цяжкасцяў бастуюць людзі ў горадзе Трыпалі, што ў 80 км ад сталіцы Бейрута. Сутычкі ў партовым горадзе трываюць ужо другі дзень. У мінулую ноч адбываліся падпалы банкаў. Раней, у ноч з панядзелка на аўторак, у Трыпалі быў забіты адзін з пратэстоўцаў, 20-гадовы хлопец. Гэта пацвердзілі медыкі. Эканамічны крызіс, які шматкроць узмацніўся ў сувязі з прастоем з-за каронавірусу, падштурхнуў ліванцаў да новых пратэстаў супраць уладаў, ужо абвінавачаных у карупцыі ў кастрычніку. Le Figaro адзначае, што Ліван — адна з найбольш пацярпелых з-за каранавірусу эканомік Азіі. Гэта адзін з лідараў па запазычанасцях урада, а цяперашняя сітуацыя паспрыяла яшчэ большаму абвалу валюты, росту інфляцыі і хуткаму павелічэнню беспрацоўя. Пасля падпалу дэманстрантамі банкаў паліцыя прымяніла слезацечны газ і гумовыя кулі. Увечары ўдзельнікі акцыі збіраліся на вялікай гарадской плошчы, а на прылеглых вуліцах некаторыя дэманстранты кідалі камяні ў сілавікоў. Але хваляванні былі не толькі ў Трыпалі. У Бейруце дзясяткі людзей прайшлі па вуліцах, некаторыя ў медыцынскіх масках, каб пратэставаць супраць фінансавай сістэмы і заклікаць больш ліванцаў далучыцца да пратэстнага руху. Пазней у гэты дзень натоўп закідаў паліцыянтаў камянямі каля штаб-кватэры Цэнтральнага банка. Актывізаваны пратэстны рух пагражае пагрузіць Ліван у яшчэ больш глыбокі крызіс, нават калі палітыкі ў Бейруце ў бліжэйшы час прымуць план эканамічнай падтрымкі і правядуць перамовы з замежнымі крэдыторамі. Хутчэй за ўсё, піша газета, яны канстатуюць няздольнасць краіны пагасіць пазыкі.
А CNN у сераду разбіраецца, чаму Індыі ўдалося пазбегчы такіх страшных лічбаў смерцяў ад каронавірусу, што не ўдалося Злучаным Штатам, якія маюць на парадак лепшае забеспячэнне ў медыцыне. Раней лекары засцерагалі Індыю, паколькі сапраўды думалі, што ў краіне будзе неверагодна высокая колькасць хворых. Меркаванні базаваліся якраз на старой медыцыне. Акрамя таго, сотні мільёнаў індыйцаў жывуць у дамах ва ўмовах адсутнасці элементарных санітарных правілаў. Аднак напярэдадні Індыя вуснамі свайго прэм’ер-міністра Нарэндра Модзі заявіла, што ў краіне 31 360 выпадкаў каронавірусу, 1008 чалавек памерлі. І гэта ў краіне, насельніцтва якой складае 1 мільярд 300 мільёнаў чалавек. На мільён чалавек смяротнасць ад COVID19 у Індыі складае ўсяго 0,76. У ЗША 175 смерцяў на мільён. Эксперты схіляюцца да думкі, што Індыі моцна дапамагае каранцін, уведзены ўрадам на 21 дзень. Ён скончыцца 3 траўня. Сам прэм’ер-міністр Індыі заявіў у сваім звароце да нацыі, што захады ўжо далі плён. У іншым выпадку яму было б цяжка нават здагадацца, якая колькасць смерцяў магла быць, калі б каранцін не абвясцілі. Але прэзідэнт Фонду грамадскага здароўя Індыі Срынат Рэдзі, хоць і заяўляе, што каронавірус не прынёс у Індыю столькі страху, як чакалася, тым не менш перасцерагае ад самазаспакаення. CNN паслядоўна апісвае захады, якія прымаліся ў Індыі ад эпідэміі, адзначаючы, што яшчэ 11 сакавіка Індыя перапыніла выдачу новых візаў, а вандроўнікі, якія збіраліся ў найбольш уразлівыя раёны краіны, мусілі адбыць 14-дзённы каранцін. Ужо 22 сакавіка спыніліся камерцыйныя пералёты і большасць чыгуначных рэйсаў па краіне. Таму дзейнічаць дзяржава пачала задоўга да абвяшчэння каранціну. Сумневы выклікае нізкая колькасць лічбаў. Эксперты звязваюць гэта з колькасцю зробленых тэстаў. Зрэшты, у нядзелю Індыя казала пра 625 тысяч тэстаў на дзень, што больш, чым у Паўднёвай Карэі. Акрамя таго, эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не глядзяць асобна на лічбы праведзеных тэстаў ці колькасць хворых. Асноўная ўвага на адсотак станоўчых тэстаў. А ў Індыі гэты адсотак складае толькі 4, што істотна ніжэй за планку, на якой пачынаюцца хваляванні. У Злучаных Штатах, да параўнання, колькасць станоўчых тэстаў складае 17%, а ў Вялікай Брытаніі 21%. Ужо ўзгаданы Срынат Рэдзі тлумачыў, што каронавірус, верагодна, не распаўсюдзіўся так моцна ў Індыі, паколькі ў краіне тэмпература паветра часта перавышае 30 градусаў. Але навуковыя даследванні абверглі ягоныя словы.
Пакуль не абвешчана, ці будзе працягнуты каранцін пасля 3 траўня. Такая заява чакаецца ад ураду ў бліжэйшы час. CNN піша, што многія людзі старэйшага веку хочуць вярнуцца да працы як мага хутчэй, паколькі грошы на ўтрыманне сем’яў ужо скончыліся.
Беларускае Радыё Рацыя